Па інфармацыі «Вясны», з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.
Людзей дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых наўпрост у аўтобусе надзяваюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён.
Пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, большасць з якіх — украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны.
Калі чалавек знаходзіцца ў базе “БЕСпорядки”, куды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падставаў можа і не быць.
Праваабаронцы нагадваюць, што калі вы ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, данацілі беларускім ініцыятывам ці арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў пасылкамі ці грашыма, то вяртацца ў Беларусь небяспечна.
вясна