5 жніўня ў пракуратуру Лепельскага раёна звярнуўся віцяблянін Зміцер Карняенка. Ён заўважыў на здымках, якія размясціла лепельская раённая газета на сваім сайце, лагатыпы выдання TUT.BY. Гэты лагатып, як і само выданне TUT.BY разам з усімі сацыяльнымі сеткамі, суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” яшчэ 13 жніўня 2021 года. А 14 чэрвеня 2022 года “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” была прызнана ў Беларусі “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Суд пастанавіў ліквідаваць таварыства і забараніць выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі выдання. Пасля гэтага за распаўсюджванне матэрыялаў з інтэрнет-рэсурсу TUT.BY або выкарыстанне лагатыпа да адміністрацыйнай адказнасці неаднаразова прыцягваліся беларусы і незалежныя выданні, якіх каралі вялікімі штрафамі.

Але на выкарыстанне гэтых матэрыялаў і лагатыпаў у дзяржаўных СМІ ўлады не звярталі ўвагі. Гэта заўважалі толькі неабыякавыя грамадзяне, якія хацелі падкрэсліць падвойныя стандарты і дваякую трактоўку законаў у краіне, дзе яе кіраўнік падкрэслівае “што цяпер не да законаў”.
Сайт «Лепельскі край» не аднойчы ў ілюстрацыі да сваіх матэрыялаў выкарыстоўваў фота з рэсурсу TUT.BY, з архіву ён іх не выдаліў. На што і звярнуў увагу віцебскі актывіст Зміцер Карняенка і напісаў скаргу ў пракуратуру Лепельскага раёна. 14 жніўня яму прыйшоў адказ, які ён апублікаваў у сябе на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

З адказу пракуратуры Лепельскага раёна вынікае, што рэдактару раённай газеты “Лепельскі край” накіравана прадпісанне аб устараненні парушэнняў заканадаўства аб супрацьдзеянні “экстрэмізму”.
Але прыцягнуць да адказнасці службовую асобу, якая адказвае за вядзенне архіўнай часткі інтэрнэт-сайта газеты «Лепельскі край», дзе быў выяўлены «экстрэмізм», на думку пракурора раёна Віталя Жыгімонта немагчыма, бо яна ўжо звольнена.
Як вядома, не так даўно там звольнілі галоўнага рэдактара Святлану Вазняк, якая, паводле афіцыйнай версіі, нібыта не справілася са сваімі абавязкамі, хоць працавала там шмат год, а насамрэч дазволіла сабе крытыку ў адрас аднаго з вышэйстаячых чыноўнікаў Лепеля.

Беларускае Радыё Рацыя