Інтэрнэт-пляцоўка «Новая Беларусь» рыхтуе да запуску праект «Будуй сваё», які стартуе 6 лютага, і звязаны з дэкларацыямі даходаў. Сэнс у тым, што пэўны, хай сабе невялікі, адсотак сваіх падаткаў рэзідэнты краінаў Еўразвязу могуць самастойна кіраваць на тую ці іншую сацыяльна значную справу.

«Новая Беларусь» мае свае аплікацыі для смартфонаў і айфонаў, шукайце і пампуйце. За мяжой беларусы не могуць наўпрост уплываць на ўладу ў Беларусі. Затое заканадаўства краінаў Еўразвязу дазваляе нам развіваць тыя ці іншыя сферы беларускага грамадскага жыцця.
«Новая Беларусь» просіць пачакаць з дэкларацыямі да 6 лютага, бо тады можна будзе свае грошы скіраваць на падтрымку беларуска арыентаваных праектаў. З абвесткі:
«Праект лічбавага кіравання пра тое, што ўсе ахвочыя могуць скінуцца часткай сваіх падаткаў, а потым разам вырашыць, на што накіраваць агульныя грошы. Па выніках леташняга праекту ў Вільні адкрылі беларускую бібліятэку «Чытальня», а ў Польшчы ідзе праца над сайтам беларускай гісторыі на ангельскай мове. Файныя праекты, праўда? Сёлета будуць новыя цікавыя і годныя ідэі, вартыя Вашай увагі».
Пакуль стваральнікі «Новай Беларусі» ужываюць слова «дабрачыннасць».
Але ж беларуская справа можа выйсці і на падабенства сяброўскіх складкаў як у грамадскіх арганізацыях ці нават на ўзровень падаткаў, калі будзе створаны протапарламент і электронны ўрад Новай Беларусі.
Узгадайце гісторыю шматдзетнай мамы, якую развярнулі ў варшаўскім аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна разам з дзецьмі. Сям’я ляцела на адпачынак у Турцыю. Некаторыя мелі замест пашпартоў польскія дакументы падарожжа.
Супрацоўнікі фірмы перавозчыка не ведалі што гэта за дакумент такі, і замест таго, каб разабрацца, не пусцілі на самалёт.
Беларусы, пераследаваныя ў сябе на радзіме, сутыкнуліся ў краіне, якая дала сваю ахову, з некампетэнтнасцю, з несправядлівасцю, ды яшчэ ў дачыненні да дзяцей.
А цяпер уявіце, што за нашыя складкі ці падаткі існавала б юрыдычная кансультацыя і нават адвакацкая кантора, якая б займалася справамі беларусаў за мяжой.
Я не ведаю, ці паляцела б тая сям’я тым рэйсам, але быў бы створаны юрыдычны прэцэдэнт, які палегчыў бы жыццё іншым беларусам.
Перспектывы самаарганізацыі беларусаў не проста ёсць, яны з кожным месяцам робяцца ўсё больш выразнымі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя