У Грузіі на дадзены момант знаходзіцца ад 10 да 20 тысяч беларусаў. Аднак немагчымасць атрымаць міжнародную дапамогу вымушае беларусаў з’язджаць, паколькі існуе магчымасць застацца без дакументаў. Пра цяжкасці другой эміграцыі расказала журналістка Марына Маўчанава-Бушынская.

РР: Для цябе гэта ўжо другая эміграцыя. Што самае цяжкае ў эміграцыі, у любой – першай, другой ці трэцяй?
Марына Маўчанава-Бушынская: Самае цяжкае – гэта разбураць сваё мінулае ўладкаванае жыццё і з нуля будаваць іншае.
РР: Давай узгадаем тваю першую эміграцыю, як яна пачалася і твае эмоцыі на той момант.
Марына Маўчанава-Бушынская: Было ўсведамленне, што трэба з’язджаць, пакуль мяне не пасадзілі. І прынялі гэтае рашэнне, набылі квіткі, хоць, канешне, было цяжка. Я да апошняга адцягвала гэты момант. Канешне, было няпроста ўзяць, усё кінуць і ляцець у невядомасць. Калі ў мяне пыталіся, на які час я з’язджаю, то я, як і ўсё мы, казала: ну, можа месяц, можа некалькі месяцаў. Хоць я ўнутры, канешне, разумела, што гэта будзе не месяц. Вось з такімі пачуццямі я з’язджала.
РР: Калі параўнаць першую эміграцыю, цяпер другую, эмоцыі адрозніваліся, ці яны падобныя?
Марына Маўчанава-Бушынская: Адрозніваюцца ў тым, што цяпер мне нашмат цяжэй. Не ведаю, з чым гэта звязана, спрабую зразумець. Магчыма з тым, што першы раз я ўцякала ад небяспекі, і я разумела, што гэта непазбежна. Цяпер я не ўцякала ад небяспекі, толькі з’язджала, каб вырашыць праблемы з дакументамі, каб нібыта штосьці зрабіць лепш. Але я з’язджала з таго месца, дзе мне было вельмі добра, дзе ў мяне было ўжо ўладкаванае за тры гады жыццё. Цяпер у мяне адчуванне, што я сваімі рукамі гэта ўсё разбурыла. Магчыма цяжэй яшчэ таму, што гэта ўсё паўтараецца наноў. Не ведаю, які можа быць увогуле запас у чалавека, каб гэта ўсё некалькі разоў у сваім жыцці рабіць. І накладаецца яшчэ перажыванне майго сына, які вельмі цяжка перажывае менавіта гэты ад’езд, таму што тады ён быў зусім малы. Яму не было асаблівай розніцы, куды ехаць з бацькамі. Цяпер я яго проста выцягнула, вырвала з ягонага асяроддзя, з ягонага жыцця. Грузія для яго нібыта такім домам, другой радзімай стала. І яму цяжка зразумець, навошта мы з’ехалі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






