BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Сардэчна запрашаем у гестапа»: катавальня ГУБАЗіКа ў тварах

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання – даследаванне, якое раскрывае асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян.

Фота: torturesbelarus2020.org

Чаму гэта важна?

Беларусь застаецца адной з нямногіх краінаў у Еўропе, дзе сілавікі, датычныя да катаванняў і рэпрэсіяў, працягваюць дзейнічаць беспакарана. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і журналісты неаднаразова фіксавалі парушэнні, але нам удалося ўстанавіць канкрэтныя асобы тых, хто стаіць за гвалтам.

Наша мэта – дэананімізаваць злачынцаў у пагонах, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іх дадзеныя ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці.

ГУБАЗіК – інструмент рэпрэсій

У аснову нашага даследавання леглі сведчанні пацярпелых, якія падвяргаліся збіванням, прыніжэнням, прымусовым прызнанням і іншым формам гвалту з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пачынаючы з 2020 года.

Праваабаронцы сабралі пацверджаныя дадзеныя трох сілавікоў, датычных да катаванняў, уключаючы іх імёны, пасады і юрыдычную ацэнку іх злачынстваў.

Гэта сведчыць пра тое, што ГУБАЗіК, афіцыйна названы Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, ператварыўся ў карную структуру, якая ўжывае гвалт супраць уласнага народу.

Мы ведаем злачынцаў па імёнах

Праваабаронцы Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў у Беларусі сабралі сведчанні дзясяткаў пацярпелых. У выніку карпатлівай працы атрымалася не толькі сабраць доказы катаванняў і жорсткага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі, але і ідэнтыфікаваць некалькі супрацоўнікаў, непасрэдна датычных да гэтых злачынстваў.

Мы ведаем, хто яны. Мы ведаем, што яны рабілі. І гэта:

  • Аляксандр Алёкса – намеснік начальніка 3-га ўпраўлення, арганізатар катаванняў, фабрыкацый крымінальных спраў і рэпрэсіўных акцый супраць пратэстоўцаў.
  • Валерый Высоцкі – старшы аператыўнік, датычны да жорсткіх катаванняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.
  • Іван Тарасік – намеснік начальніка 1-га аддзела, удзельнік стварэння «пакаянных відэа» і шантажу сем’яў затрыманых.

З сведчанняў пацярпелых:

«…Яны нас душылі, нацягвалі пакет на галаву, білі па жываце, прымушалі стаяць на каленях. Пагражалі згвалтаваннем дубінкай. Высоцкі смяяўся і казаў: “Цяпер ты разумееш, што такое страх?”»

«Я адмовіўся падпісваць фальшывыя прызнанні. Тады Алёкса загадаў біць мяне электрашокерам. Калі я губляў прытомнасць, мяне аблівалі халоднай вадой і працягвалі катаванні».

«Ён сказаў, што калі я не падпішу паказанні, ён “асабіста прасочыць”, каб мяне больш ніхто не ўбачыў».

Юрыдычная ацэнка злачынстваў

На падставе аналізу сведчанняў пацярпелых і нормаў міжнароднага права, дзеянні супрацоўнікаў ГУБАЗіКа могуць быць кваліфікаваныя як:

  • Катаванні – парушэнне міжнароднага права (Канвенцыя ААН супраць катаванняў).
  • Запалохванні і фабрыкацыя крымінальных справаў – падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі.
  • Злачынствы супраць чалавечнасці – могуць быць разгледжаны ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.

Нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута, злачынствы супраць чалавечнасці могуць расследавацца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Шэраг еўрапейскіх краінаў, уключаючы Літву, Польшчу і Германію, ужо прымяняюць гэты механізм да беларускіх сілавікоў.

Гэта толькі пачатак

Першыя тры фігуранты расследавання – толькі пачатак. Праваабаронцы працягваюць працу, каб выявіць новыя асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, датычных да катаванняў і гвалту супраць нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.