BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шарэнда-Панасюк: Выпрабаванні даюцца нам для загартоўкі

Былая палітзняволеная і палітык Паліна Шарэнда-Панасюк далучылася да ІІ Кангрэсу па палітвязнях, які адбыўся ў Варшаве. Цягам 2 дзён яна распавядала са сцэны пра жыццё ў калоніі і камунікавала з тымі, хто быў за кратамі. Пра тое, да якіх высноў прыйшла дзяячка, сённяшняя Госця Рацыі – Паліна Шарэнда-Панасюк – распавяла Марыне Савіцкай.

РР: Чым для Вас важна ўдзельнічаць у такіх падзеях?

Паліна Шарэнда-Панасюк: Гэта будуць дакументальныя сведчанні таго, што я сама перажыла, матэрыялы, заснаваныя на маіх успамінах. І зараз гэтае жаданне рэалізавалася, данесці да беларускай аўдыторыі, да СМІ, каб гэта было ўсё апублічана. І яшчэ раз нагадаць пра лёсы тых жанчын, якія засталіся ў гэтых жахлівых умовах, чые жыццё і здароўе знаходзяцца пад пагрозай.

РР: Вы распавядалі шмат такіх жорсткіх момантаў, эпізодаў з затрыманняў. Што для Вас падаецца найбольш бесчалавечным?

Паліна Шарэнда-Панасюк: Для мяне асабіста тое, што ўвесь гэты жах працягваецца пасля 2020 года ўжо 5 год. Што ў рэжыма Лукашэнкі былі гэтыя 5 год, няглндзячы на ўздым 2020 года, і што працягваюцца рэпрэсіі. Гэта, канешне, жахліва, што нібыта адпускаюць людзей, але рэпрэсіі не спыняюцца. Кожны дзень мы чытаем, што ўсё новыя і новыя людзі схоплены, што ўсё новыя і новыя людзі прызнаныя палітвязнямі.

РР: Пра што вялася гутарка на Кангрэсе?

Паліна Шарэнда-Панасюк: Я першы раз на такім Кангрэсе. Цікава ў першую чаргу ўбачыць саміх палітвязняў. З некаторымі мы там перасякаліся, прыемна ўбачыць іх не ў той вопратцы. Прыемна ўбачыць, што людзі сталі самімі сабой. Пра гэтыя хвіліны мы марылі, будучы яшчэ там. І асноўнае, што радуе і натхняе, што выпрабаванні людзей не зламалі, а толькі загартавалі. Людзі выстаялі, загартаваліся і працягваюць барацьбу далей. Для мяне самае галоўнае, што ахвяры нашыя не былі дарэмнымі. Сапраўды, гэты наратыў ахвяры мне не вельмі падабаецца. Што нашая беларуская завядзёнка, што нас пабілі і мы плачамся. Гэта, ведаеце, трэба як у сітуацыі: упаў – адціснуўся. Гэтаму трэба навучыцца, што ўсе выпрабаванні даюцца нам для загартоўкі, каб мы ўмацаваліся. І я лічу, што гэтую школу беларуская нацыя прайшла.

Нагадаем, Паліне Шарэндзе-Панасюк быў вынесены прысуд 5 гадоў зняволення. Адбыўшы яго цалкам, палітычная актывістка вызвалілася ў лютым 2025-га.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя