Выказваць публічна сваю антываенную пазіцыю ў РФ – небяспечная справа, велізарная рызыка і сур’ёзныя наступствы. Людзей са свету культуры, навукі і мастацтва, хто не пайшоў на ўгоду з сумленнем, расейская дзяржава адорвае ганаровым званнем «інагент». Для многіх з іх статус і папулярнасць сталі своеасаблівым імунітэтам ад пераследу, аднак простыя людзі такога прывілею
не маюць.

Каб стаць фігурантам крымінальнай справы за антываенную пазіцыю, не абавязкова выходзіць на Красную плошчу з плакатам: у Расеі адрадзілася, як, зрэшты, і іншыя гідкія рэчы, сістэма даносаў. Напрыклад, падчас урока сумленны настаўнік намякнуў, што ў цывілізаваным свеце ўрывацца на чужую тэрыторыю – кепска, і адразу ж быў выдадзены данос ад вучняў; хтосьці пакінуў антываенны каментар у сацсетцы «УКантакце», і адразу ж пільны «фрэнд» адрэагаваў даносам.
Нядаўна ў адным з маскоўскіх храмаў затрымалі верніка, які ў гутарцы са святаром асмеліўся падзяліцца сваімі антываеннымі поглядамі з пункту гледжання хрысціяніна: маўляў, падтрымка вайны ва Украіне супярэчыць запаведзям. Па іроніі лёсу, прыхаджанін гутарыў з настаяцелем храма протаіерэем Андрэем Ткачовым – ураджэнцам Львова, былым кіеўскім святаром УПЦ (МП), які ў часы Еўрамайдана збег з Кіева ў Маскву. І з тых часоў палівае Украіну і ўкраінцаў брудам як з амбона, так і з тэлеэкрана. Пытанне аўтарства даносу, вядома, застаецца таямніцай — святар ці нехта з пабожных вернікаў, надзеленых асаблівым пачуццём грамадзянскага абавязку, адгукнуўся на голас «сумлення».
Так ці інакш, факт застаецца фактам: ганебная саўковая спадчына ў РФ жыве і прагрэсуе.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Карыкатура dw.com






