30 студзеня на пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі ўхвалілі законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Дакумент пераглядае адказнасць амаль па 100 артыкулах Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці Беларусі.

Згодна з законапраектам, больш за 70 складаў злачынстваў дапоўненыя такімі альтэрнатыўнымі відамі пакарання, як штраф, арышт, папраўчыя работы і абмежаванне волі. Сярод іх перагледжаныя 22 артыкулы, якія цяпер прадугледжваюць выключна адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі, паведамляе БелТА.
Законапраект прапануе не прымяняць пазбаўленне волі да жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама непаўналетніх і інвалідаў I групы. Удакладняецца, што ў выпадку канчатковага зацвярджэння гэтага законапраекта гэтае правіла будзе застасавана, калі злачынства здзейснена ўпершыню і не звязана з замахам на жыццё і здароўе або «экстрэмізмам».
Пералік крымінальных злачынстваў, учыненых грамадзянамі Беларусі за мяжой, законапраектам дапоўнены злачынствамі «тэрарыстычнай» накіраванасці.
Таксама мае з’явіцца новы артыкул у Крымінальным кодэксе. Гэта «Гвалт або пагроза ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў». Згадка пра «былога прэзідэнта» з’явіцца таксама ў артыкулах пра паклёп і абразу прэзідэнта.