У беларускай незалежнай прэсе пасля выхаду на волю палітвязня Паўла Юхневіча распачалася дыскусія пра тое, ці пісаць лісты палітвязням, якія сядзяць у турмах і калоніях Беларусі.

Былая палітзняволеная Ірына Шчасная лічыць, што нават у такіх умовах, калі лісты да адрасата не даходзяць – такія лісты трэба пісаць:
-У цэнзараў ёсць загад на адмысловыя прозвішчы. Гэта прозвішчы родзічаў. Тыя лісты, якія не ад блізкіх родзічаў, яны проста не чытаюцца. Спальваюць ці можа перадаюць у нейкія службы, час не марнуюць. Яшчэ, на маю думку, вельмі важна, каб адміністрацыя ўстаноў, дзе ўтрымліваюцца нашыя палітвязні, бачыла, што пра людзей помняць.
Па словах Шчаснай, лісты і нават акцыі па іх напісанні – гэта салідарнасць, якая аб’ядноўвае:
-Амаль пяць гадоў прайшло, а лісты ідуць, людзі памятаюць, людзям баліць. Гэта вельмі важна, каб тыя карнікі, якія выконваюць злачынныя загады, бачылі людскую салідарнасць. І на маю дуку, пісаць лісты неабходна.
РР: На вашую думку, колькі адсоткаў лістоў даходзіць?
-Зараз ніколькі. У жаночай калоніі Гомеля лісты спыніліся са студзеня 2022 года.
Ірына Шчасная выйшла з-за кратаў у чэрвені 2024 года і яна запрашае далучыцца да Дня беларускага палітвязня, які беларусы па ўсім свеце будуць адзначаць 21 траўня. 21 траўня 2021 года за кратамі загінуў Вітольд Ашурак.
Беларускае Радыё Рацыя






