На сёння ў Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў уключаныя больш за 6,5 тысячы матэрыялаў, паведаміў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ намеснік міністра інфармацыі Беларусі Андрэй Кунцэвіч.

«На сёння ў гэты спіс уключаныя 6 565 матэрыялаў, прычым хачу падкрэсліць, што траціна з гэтай колькасці (каля 2 000) у гэты спіс былі ўключаны ўжо ў 2024 годзе, за няпоўны год», — сказаў Кунцэвіч.
На думку намесніка міністра інфармацыі, гэта сведчыць пра тое, што «інфармацыйны ціск на Беларусь не слабее».
За захоўванне і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Беларусі можа пагражаць адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу або арышту.






