BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сентыментальнае

Тытаны думкі таксама памыляюцца. Бывае, жыве стагоддзямі афарызм нейкага філосафа, і нікому нават у галаву не прыходзіць яго аспрэчваць. І раптам – раз, і ўзнікаюць пэўныя абставіны, якія ламаюць усю векавую мудрасць. Ці мог дапусціць Імануіл Кант, што яго вельмі душэўнае меркаванне пра чалавечую прыроду праз стаўленне да жывёл аказалася толькі суб’ектыўным выяўленнем думкі! Ды яшчэ і ў кантэксце расейска-ўкраінскай вайны. Ды яшчэ і ў прывязцы да роднага Кёнігсберга (о, іронія!), які ў саракавыя гады мінулага стагоддзя стаў горадам у складзе РСФСР. А цяпер – проста горадам дзяржавы-агрэсара. Дык вось: «пазнаць чалавечае сэрца нават па стаўленні да жывёл» – нельга.

Сёння на перадавой «герой» так званай СВА, лашчыць котку, корміць яе сваім пайком, а заўтра гэтай жа рукой стрэліць ва ўкраінскага воіна або, яшчэ горш, запусціць дрон па мірным насельніцтве. Потым на камеры прапагандыстаў раскажа, як важна заставацца людзьмі на лініі фронту, і што там таксама ёсць месца чалавечнасці. І ў такіх складаных умовах вельмі дапамагаюць хатнія жывёлы: сабакі і каты пачалі прыходзіць да расейскіх вайскоўцаў з вёсак, адкуль выехалі жыхары ў выніку баявых дзеянняў. Без сумневу, глядач (дакладней – пажыральнік) прапагандысцкага сюжэту пра першапрычыну нават і не задумаецца.

Аднак такога з’явішча, як жывёлы на фронце, проста не існавала б. «Коткі супакойваюць нервы і нагадваюць пра дом», – сентыментальна распавядаюць акупанты. Кажуць, маньякі-душагубы ў вольны ад забойстваў час таксама вельмі сентыментальныя і любяць жывёл.
Кот, фронт, Кант…

Ліза Ахроменка