На днях да прысягі на пасаду старшыні Вярхоўнага суда Беларусі прыведзены былы генеральны пракурор Андрэй Швед.

Падобная схема папаўнення судзейскага корпусу з’яўляецца нармальнай для постсавецкіх краін, найперш Беларусі і Расеі. Мы не раз маглі бачыць, як на пасады суддзяў прызначаліся работнікі міліцыі або пракуратуры. Такім чынам падтрымліваецца нефармальная сувязь праваахоўнай сістэмы. Гэтым жа ў тым ліку абумоўліваецца вельмі нізкі працэнт апраўдальных прыгавораў. Суддзя з самых першых крокаў у сваёй праваахоўнай кар’еры прывыкае ў падследчых і абвінавачаных бачыць ужо вінаватых. Калі чалавек прывык успрымаць як аксіёму фразу “невінаватыя на лаву падсудных не трапляюць”, ён гэтым правілам будзе кіравацца ў далейшым.
Асабіста я ні разу не бачыў, каб суддзёй стаў выкладчык універсітэта, доктар юрыдычных навук, або адвакат.
Аднак чаму менавіта цяпер? Папярэдні ж старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, нягледзячы на свой глыбока пенсійны ўзрост, цалкам забяспечваў інтарэсы Лукашэнкі.
Для мяне маркерам стала паведамленне аб тым, што крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа ў часы Другой сусветнай вайны паспяхова завершана, сабраны ўсе неабходныя доказы, запісаны сведчанні, доказы зафіксаваны і прыкладзены да матэрыялаў. Самае галоўнае – вызначаны ўрон, нанесены германскімі акупантамі – 500 мільярдаў даляраў.
А што далей? Справу па завяршэнні трэба падаваць у суд, каб ён злачынцу назваў злачынцам і абавязаў таго выплаціць на карысць ахвяры кампенсацыю.
І куды лукашэнкаўскія “праваахоўнікі” збіраюцца накіроўваць іск? Нюрнбергскі трыбунал у свой час адпрацаваў, вызначыў злачынцаў, прыгаварыў іх да пакарання, прызначыў кампенсацыі і паспяхова завяршыў сваю работу. І ўвогуле, адзін з прынцыпаў юрыспрудэнцыі кажа, што ніхто не можа быць пакараны двойчы за адно і тое ж злачынства.
Што рабіць? Лукашэнку ж хочацца нашкодзіць Нямеччыне ды іншым заходнім краінам за падтрымку пратэстоўцаў у 2020-ым годзе. Ды і 500 мільярдаў высудзіць таксама было б няблага. Нават калі б і 50 атрымаць, гэтымі грашыма ён бы закрыў усе свае знешнія і ўнутраныя даўгі ды яшчэ б і сям’і засталося.
У свеце працуе практыка міжнароднага арбітражу. Як гэта адбываецца? Напрыклад, кампанія з Беларусі і кампанія з Нямеччыны запускаюць сумесны праект на 100 мільёнаў еўра. Сур’ёзныя грошы патрабуюць сур’ёзнай абароны ў розных непрадбачаных сітуацыях. Як правіла, бакі дамаўляюцца наступным чынам: “Мы не давяраем нямецкаму суду, а вы – беларускаму. Давайце знойдзем трэці бок, незацікаўлены. Прапануем вырашаць нашы патэнцыйныя спрэчкі ў арбітражным судзе, скажам, у Стакгольмскім. Шведскім суддзям давяраем і мы, і вы”. І гэта не мае фантазіі, пагартайце інтэрнэт, там знойдзеце багата паведамленняў, як розныя суды, як правіла, краін Заходняй Еўропы, разглядалі справы краін Азіі, Афрыкі, бізнесменаў з краін былога СССР. Многія могуць прыгадаць гучны працэс паміж Барысам Беразоўскім і Раманам Абрамовічам, які разглядаўся ў Лонданскім судзе.
Давайце падумаем, які міжнародны суд прыме да разгляду справу, скляпаную беларускімі пракурорамі па слядах падзей, якія адбываліся 80 год таму, калі абсалютная большасць і ахвяр, і злачынцаў ужо памерлі.
Таму Лукашэнка прыдумаў, як яму здаецца, чарговы “элегантны” ход – падаць іск на Нямеччыну ў свой жа суд. Ён кішэнны, ён вынесе такі прысуд, які патрэбны, які скажуць. А для пэўнасці на чале суда паставіў Шведа – ініцыятара гэтай крымінальнай справы. Цікава атрымліваецца: сам справу завёў, сам яе аформіў і сам жа яе будзе судзіць. Ну няхай далей паспрабуе сам выканаць вынесеныя рашэнні, асабліва ў плане атрымання кампенсацыі.
А з міжнародных судоў Лукашэнку чакаюць хіба што ў міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе.
Рыгор Скамарох






