BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сілавікі правялі аператыўную нараду на “Гародня Азот”

Фота: delo.by

“Дзеючая падпіска на “экстрэмісцкія” рэсурсы” застаецца распаўсюджаным “правапарушэннем”, заявілі прадстаўнікі УУС Кастрычніцкага раёна Гародні падчас аператыўнай нарады на прадпрыемстве “Гародня Азот”.

Паводле слоў супрацоўнікаў МУС, паведамляе прэс-служба прадпрыемства, “наборы інструментаў і тэхналогій”, якімі валодаюць спецыялісты адпаведных ведамстваў, “здольныя з дакладнасцю ўстанавіць час апошняй актыўнасці і асобу ўладальніка профілю”.

Таму, адзначылі прадстаўнікі міліцыі, штраф да 30 базавых велічынь і канфіскацыя тэлефона — гэта адказнасць самога падпісчыка.

Работнікам “Гародня Азота”, каб не стаць “ахвярай уласнай непамятлівасці”, рэкамендавана “кантраляваць сваю стужку сяброў і супольнасцяў, аднавіць доступ да закінутых, але па-ранейшаму асабістых акаўнтаў, надзейна захоўваць паролі”.

У верасні 2023 года паведамлялася, што на “Гародня Азоце” не спыняюцца затрыманні — сілавікі забіраюць супрацоўнікаў з працоўных месцаў і вязуць у кайданках.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рабочыя прадпрыемства масава падтрымалі пратэстны рух і заклікі да нацыянальнага страйку. Многія былі затрыманыя, паведамлялася аб збіцці некаторых супрацоўнікамі МУС.

Шэраг былых работнікаў “Гародня Азота” знаходзіцца ў няволі па палітычна матываваных прысудах, прызнаныя палітвязнямі.

“Гародня Азот” знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвяза.

Крыніца: pozirk.online