Ноччу з 15 на 16 красавіка сілавікі прыйшлі шукаць Леаніда Судаленку ў яго кватэру ў Беларусі. Праваабаронца, які з’ехаў з краіны мінулым летам, напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook і апублікаваў сваё фота з Еўрапейскага парламента.
“Сёння каля гадзіны ночы ў кватэру маёй сям’і грукаўся маёр міліцыі. Шукаюць нават ноччу, непакояцца… Гэтым здымкам падказваю маёру і астатнім выканаўцам рэпрэсій, дзе мяне шукаць. Я тут, каб дакументаваць катаванні, каб расказваць, у якіх умовах вы трымаеце беларускіх палітвязняў-закладнікаў. Як Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі выжывае ў адзіночнай камеры ШІЗА. Не губляйце марна час, вярнуся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю. А пакуль — мы памятаем!” – напісаў праваабаронца
Нагадаем, былы палітвязень Леанід Судаленка выйшаў на волю летась у ліпені, пасля 2,5 гадоў у зняволенні. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з’ехаў з Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя