BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў, адзначаецца ў аналітычным аглядзе ПЦ «Вясна» “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе”.

Здымак ілюстрацыйны

Колькасць палітвязняў па-ранейшаму крытычна высокая: на канец снежня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіўся 1 131 палітвязень (з іх 167 — жанчыны). Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 339 чалавек. 3 208 чалавек, з якіх 659 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання.

Паводле звестак праваабаронцаў, летась з рознымі відамі рэпрэсій, звязанымі з крымінальным або адміністрацыйным пераследам (затрыманнямі, допытамі, ператрусамі) сутыкнуліся не менш за 2 384 чалавекі. Амаль 30% рэпрэсаваных — жанчыны.

Палітычных зняволеных у месцах няволі ўтрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад строгім кантролем, на іх накладаюцца не прадугледжаныя законам абмежаванні; у выніку многія палітвязні ў дысцыплінарным парадку пазбаўленыя дазволеных па законе пасылак, перадач, у тым ліку медыцынскіх, спатканняў з роднымі, мужам і жонкай, а таксама адвакатамі; перапіска палітвязняў адвольна абмежаваная. Не менш за трох палітвязняў працягваюць утрымліваць у рэжыме інкамунікада. На працягу года два палітвязні – Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны — загінулі ў калоніях. Агулам дзевяць палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА.

У Беларусі па-ранейшаму ажыццяўляюцца катаванні і прымяняецца забароненае абыходжанне па палітычных матывах.