Сям’я Цапкалаў звярнулася да пракурора і пакупнікоў іх менскай кватэры, канфіскаванай і прададзенай уладамі.

Вераніка Цапкала распаўсюдзіла праз Фэйсбук заяву пра тое, што ёй стала вядома аб продажы праз электронны аўкцыён іх сямейнай кватэры па вуліцы Чарнышэўскага ў Менску.
«Гэтая кватэра была набытая мной і маім мужам у шлюбе, таксама на яе маюць права двое нашых сумесных дзяцей», — піша яна.
«Я яшчэ раз звяртаюся да Генеральнага пракурора А.І. Шведа растлумачыць мне, якімі прававымі актамі або пастановамі рэгулюецца правапрымяняльная практыка ў Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасці з якой нерухомая маёмасць серыйных забойцаў, гвалтаўнікоў, людзей, якія здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці застаецца ў распараджэнні іх сем’яў, але адбіраецца з семʼяў грамадзян, якія не здзяйснялі злачынствы супраць чалавечнасці? Я паўторна накіроўваю зварот на імя Генеральнага пракурора і міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем растлумачыць працэдуру вяртання скрадзенай маёмасці і прычыну пазбаўлення непаўналетніх дзяцей адзінага месца пражывання ў краіне, дзе яны нарадзіліся і грамадзянамі якой яны з’яўляюцца», — піша Цапкала.
Беларускае Радыё Рацыя