Чаму ў Беларусі ўсё часцей здараюцца анамальныя навальніцы і шквалісты вецер? Ці магчыма паўплываць на змены клімату? На гэтыя пытанні адказвае навуковец Сяргей Бесараб.

РР: Што наогул адбываецца з прыродай і з надвор’ем у Беларусі? Бо ўжо ўзнікаюць шквалы, тарнада.
Сяргей Бесараб: Я б не выдзяляў бы тут асобна Беларусь. Таму што нават у межах нашага еўрапейскага кантынента Беларусь нічым не выдзяляецца. То бок, няма такой з’явы «Беларусь». Беларусь – гэта палітычнае фармаванне, якое існуе толькі ў галовах і на паперах. Няма ніякай Беларусі. Ёсць частка тэрыторыі. І вось гэтая частка тэрыторыі, як бы сабе людзі што ні казалі, ва ўрадах, ці нейкіх выступах, яна працуе па законах, якія складаліся мільёнамі кліматычных гадоў.
І з гэтай кропкі гледжання зараз мы ўсе назіраем этап змен клімату. І гэтыя змены характэрны агулам для ўсёй тэрыторыі еўра-азіяцкай паверхні. Ну і, канешне, сюды трапляе і Беларусь. То бок, мы зараз назіраем змены клімату. З нядаўніх пор яны сталі відавочнымі нават для тых, хто абсалютна не ўяўляе, што такое кліматалогія, што такое метэралогія. Зараз нават у вёсках людзі разумеюць, што нешта не так. І вось гэтае «нешта не так» у акадэмічным асяродку называецца «кліматычныя змены».
Я ўжо не кажу пра глабальнае пацяпленне, ці пахаладанне, а менавіта змена клімату. Як чалавецтва ў гэтых зменах можа паўдзельнічаць? Яно можа іх паскорыць. Вось зараз менавіта з-за гаспадарчай дзейнасці змены вельмі моцна паскорыліся. Ну і незразумела чаму паскарэнне тэмпературы на тэрыторыі Беларусі, а таксама на частцы Польшчы і Украіны, назіраецца лакальна з паказчыкамі, якія вышэй, чым агульнасветавыя. Няма нейкага дакладнага адказу чаму. Хтосьці звязвае з аэразолямі. Але кансэнсусу навуковага няма. Гэтае пацяпленне, калі пералічваць у градусах, гэта якраз частка Польшчы, Беларусь і частка Украіны. Тут дынаміка больш выражаная, чым ва ўсім свеце.
РР: Карэляцыю пры гэтым, як вы кажаце, цяжка вызначыць?
Сяргей Бесараб: Так, наколькі я ведаю, тут няма кансэнсусу, няма адзінай думкі, шмат нейкіх непацверджаных гіпотэз, шмат нават нейкіх фантастычных гіпотэз. Але ніхто не ведае, чаму менавіта на гэтых тэрыторыях дынаміка пацяплення большая, чаму тэмпература хутчэй павышаецца, чым у астатнім свеце.
РР: А якія вынікі гэтага пацяплення могуць быць для Беларусі?
Сяргей Бесараб: Самае простае і самае відавочнае, як я ўжо неаднаразова казаў, што глабальнае пацяпленне ў кантэксце Беларусі – гэта не тое, што стала цяплей. Не, гэта ў першую чаргу павелічэнне частаты і інтэнсіўнасці экстрэмальных метэралагічных з’яў. Атмасфера робіцца больш тэрмадынамічнай і няўстойлівай. І праяўляецца гэта ўсё ў навальніцах, у залевах, градзе, шквалах ці тарнада. У канцы красавіка я рабіў каментар адносна прадказання, якое будзе лета. І ў красавіку я сказаў, што будзе трошкі горш чым мінулае. То бок, будуць зноў шквалы, будуць буры, спёкі і залевы. Ну і ніякага здзіўлення тут няма. Усё так і атрымалася.
Цалкам размова:
Сяргей Бесараб падкрэслівае – чалавецтва ўжо не можа спыніць змены клімату, але можа паўплываць на тое, каб страшныя працэсы развіваліся павольней.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сергея Бесараба






