У беларускай прасторы “Робім разам” у красавіку прайшла вельмі важная для беларусаў выстава карцін забітага ў турме рэжымам Лукашэнкі беларускага мастака і таленавітага перфомера Алеся Пушкіна. Карціны на выставу былі прадстаўлены з прыватных польскіх калекцый.
За ахову, дастаўку, размяшчэнне былі заплачаны вялікія грошы, якіх у прасторы не было. І трэба было шмат намаганняў, высілкаў зрабіць, калі пры гэтым увесь час заміналі, каб іх паказаць беларусам карціны мастака-патрыёта, які аддаў жыццё за вольную Беларусь.
“Госць Рацыі” кіраўнік прасторы “Робім разам” Сяргей Бульба распавёў пра выставу.
РР: Як вам удалося правесці выставу карцін Алеся Пушкіна?
– Мы былі змушаныя па падтрымку да дыяспар і да палякаў. Частку сумы нам удалося сабраць, так што дзякуй вялікі. Асноўную суму наша дыяспара з Амерыкі дадала, беларусы Чэхіі. Дзякуй усім вялікі, дзякуй беларусам з Польшчы, хто дапамог. А так, што называецца, я ніколі не быў са сферы НДА.
Больш за тое, у мяне нават з часоў ранняга “Белага легіёна” засталіся не вельмі прыемныя ўспрымання сферы НДА, бо калі я меў магчымасць праглядаць маладых таленавітых хлопцаў, якія ў перспектыве маглі стаць лідарамі, то як раз тыя, хто “сядаў” на гранты, іх няма на сённяшні дзень сярод нас.
Па інфармацыі ад аховы, якую мы выставілі, толькі за першы дзень было 400 чалавек. Прыязджалі людзі з Гданьска, з Уроцлава, то бок адмыслова ехалі на выставу. То бок я лічу, што мінімум 1200 як мінімум прайшло.
Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя