
Не кожны дзень сустрэнеш дырэктара беларускага прадпрыемства, які адбыў тэрмін у турме дыктатара. Але такі дырэктар сустрэўся. Гэта госць Беларускага Радыё Рацыя Сяргей Сабалеўскі, які пасля 20 гадоў пражывання ў Польшчы, вярнуўся ў Беларусь кіраваць мастацкай фабрыкай «Сакавіца». Сяргей адкажа на пытанні, як падымаў фабрыку, чаму свечкавы завод. Чым не прыглянуўся ўладзе. Чаму былы так званы бэнээфавец атрымаў толькі два гады за прысваенне маёмасці:
РР: У якім руху вы былі?
— Я быў у розных рухах — ад нашага Народнага фронту да апошніх акцыяў з Сяргеем Ціханоўскім, якія пачаліся ў 2019 годзе страйкам. Праз страйк фабрыка была спыненая. Людзі выйшлі са страйкам з фабрыкі. Але пра гэта цяпер тыя, хто пры ўладзе, аддаюць перавагу маўчаць, бо дзяржаўны дырэктар вырашыў пайсці супраць сістэмы яшчэ ў 2019 годзе, паказаўшы прыклад іншым. Таму было патрэбна зрабіць з мяне паказальны прыклад, так бы мовіць, “публічную пакараную ахвяру”.
РР: І скажыце, гэта якая фабрыка была?
— Гэта была «Сакавіца». Былая Маладэчанская фабрыка мастацкіх вырабаў, якая вырабляла ўнікальную прадукцыю. Увесь наш дыпламатычны корпус мы забяспечвалі падарункамі. Напрыклад, сын Хафеза Асада, Башар Асад, насіў нашу вопратку. Мы выраблялі для яго вышыванкі, шылі залатымі ніткамі. Увогуле, гэта былі майстры. Гэта найстарэйшая фабрыка ў Беларусі, у той час яна адзначыла 80-годдзе.
РР: І вы ў 2019-м…
— У 2017-м годзе мы яе ўзялі пад кіраванне. А ў 2019-м годзе быў пратэст супраць палітыкі ўлады, супраць Беларускага фонду культуры, які быў пад кантролем Віктара Лукашэнкі. Гэта ўсё таксама прыкрывалася ГУБАЗіКам, які быў „дахам“ гэтай арганізацыі. Сяргей гэта ўсё выцягнуў на паверхню, былі знятыя два фільмы пра гэтую гісторыю, іх можна паглядзець на канале «Краіна для Жыцця». Першы фільм — гэта «Сакавіца. Банкруцтва».
РР: Вы насамрэч былі банкрутамі?
— Не, ніякага банкруцтва не было. «Сакавіца» дагэтуль стаіць — будынак закрыты, замураваны, і ўсё. Ніякага банкруцтва няма.
РР: То бок фабрыка цяпер не працуе?
— Так, не працуе. Беларускаму фонду культуры, так званаму, культура была абыякавая. Усе яны былі агентамі пад прыкрыццём: былыя намеснікі міністраў культуры, супрацоўнікі пасольстваў Беларусі ў іншых дзяржавах.
РР: А як яны карысталіся прадукцыяй?
— Прадукцыя фабрыкі пастаўлялася ў пасольствы, дзе яе ўручалі як падарункі падчас сустрэч з дыпламатамі іншых краін. Напрыклад, вядомыя беларускія лялькі. Усё гэта пачыналася з Маладэчанскай фабрыкі, а потым ужо распаўсюджвалася на іншыя фабрыкі.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя былым дырэктарам мастацкай фабрыкі «Сакавіца» Сяргеем Сабалеўскім размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






