BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Сабалеўскі: Я пабачыў вельмі шмат вязняў, якія супраціўляліся рэжыму на сваіх службовых пасадах

За кратамі ў Беларусі сядзіць 90 % невінаватых. Караюць не за віну, а за самастойнасць і нязгоду з уладамі, – упэўнены наш госць, былы дырэктар фабрыкі мастацкіх вырабаў «Сакавіца» Сяргей Сабалеўскі. Мы пагаварылі з ім пра ўмовы ў калоніі «Віцьба-3», дзе ён адбываў двухгадовы тэрмін нібы за прысваенне чужой маёмасці, а насамрэч за нязгоду прызнаць фабрыку банкрутам і вывядзенне рабочых на страйк у 2019 годзе.

РР: Спадар Сяргей, віны Вы сваёй не прызналі, і тым не менш, Вярхоўны суд Вам зменшыў тэрмін з трох гадоў да двух.

Сяргей Сабалеўскі: Віну я не прызнаў, але пасля мяне шантажавалі маім дзіцём і спрабавалі з мяне выціснуць, каб я  падпісаў дакументы на Сяргея. У мяне дачка нарадзілася, калі я сядзеў ужо ў турме. І таму мяне было чым шантажаваць. Зразумела, казалі, што ты за бацька? Ты ж мужык, ты мусіш сям’ю карміць, ты падумай, што табе той Ціханоўскі? Што ўсё гэта быў падман, што мы абгаварылі Беларускі Фонд культуры і так далей. Я тады пайшоў на галадоўку, я напісаў ліст Лукашэнку і выказаў пратэст. Там былі выказаныя патрабаванні па ўмовах утрымання вязняў, палітычныя патрабаванні таксама былі. Усё гэта было перапісана ў дзясятках экзэмпляраў. І ўсё гэта разышлося па розных турмах і раз’ехалася з Жодзінскай турмы па розных зонах. У гэты ж час у Жодзіне знаходзілася Калеснікава, яна падтрымала маю галадоўку. І вось мы ў адзін час знаходзіліся там. І ўсе мяне лічылі палітычным.

Калі мы прыехалі на зону, я пабачыў вельмі шмат вязняў, пацярпелых, каго можна назваць палітычнымі, якія супраціўляліся рэжыму на сваіх службовых крэслах, напрыклад, міністр энергетыкі, які быў супраць атамнай станцыі. Ён сядзіць, хворы, стары чалавек. Генеральны вагонабудаўнічага завода, які быў супраць продажу магілёўскага завода Расеі. У іх было дастаткова і сродкаў, і заказаў. Але рашэнне было іншае. Грошы пілілі. Што дырэктар вагонабудаўнічага завода мог красці? Шасі ад вагонаў ці доскі?!

РР: Прадаваў можа прадукцыю налева?

Сяргей Сабалеўскі: Немагчыма, паверце мне. У Беларусі ёсць такая сістэма УДФР, мне развярнулі манітор і я бачыў цалкам часавую разгортку з усімі сваімі плацяжамі. Немагчыма нармальна грошы выводзіць. Той, хто верыць у гэты абсурд, альбо наіўныя людзі, альбо палітычныя прастытуткі. Грошы цалкам адследжваюцца. Калі нехта думае, што ў нас няма цэнтралізаванага ведамства, якое адследжвае па камерах вашае перасоўванне, вы ў прыбіральню пойдзеце, а ўсе ўжо ведаюць, дзе вы знаходзіцеся.

РР: Гэта ў калоніі, дзе вы былі?

Сяргей Сабалеўскі: Не, гэта ў той калоніі, якая называецца Рэспубліка Беларусь.

РР: Па якім артыкуле Вы сядзелі?

Сяргей Сабалеўскі: Па артыкуле 210 – прысваенне чужой маёмасці. Калі я прыйшоў, фабрыка была ў даўгах і крэдытах. Адсядзеў два гады. Туды таксама прыязджалі, прапаноўвалі выйсці раней. Качанава таксама прыязджала. Я адмовіўся. Далі, сволачы, адсяджу ўсё да канца. Мяне ж палохалі і да гэтага турмой. Я ім сказаў, што ў турме таксама людзі жывуць. Два гады адтарабаніў на кастылях. Перажыў там інсульт. Выйшаў з дыягназам анкалогія. Але, як бачыце… Начальнік калоніі ўжо павесіўся. Чакаем наступных. Welcome, Аляксандр Рыгоравіч!

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя