20 лютага стала вядома пра смерць у Беларусі 63-гадовага палітзняволенага Ігара Ледніка, які адбываў тры гады калоніі агульнага рэжыму за нібыта паклёп на Лукашэнку.

Сітуацыю каментуе галоўны расследвальнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў:
-Ён быў пасля аперацыі і памёр праз тое, што не аказвалася медычная дапамога. Палітвязням увогуле не аказваецца медычная дапамога ці аказваецца, але ў вельмі-вельмі крайніх выпадках, калі людзі ледзь не пры смерці. Гэта распаўсюджаная практыка, на жаль, – забіваць палітвязняў шляхам не аказання медычнай дапамогі. Пасля 20-га года рэжым забіў як найменш 16 чалавек па палітычных матывах. Мы ўсю гэтую інфармацыю збіраем, мы ўсіх вінаватых адзначаем. Рана ці позна вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Кожны. Таму ўсё ў нас фіксуецца.
Ігар Леднік быў адным з арганізатараў Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі і ўзначальваў праваабарончы рух «Наша Беларусь». Ягоная смерць стала пятым вядомым праваабаронцам выпадкам смерці палітвязняў за кратамі ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя