14 лютага 2025 года ў выданні «Наша Ніва» з’явілася інфармацыя пра тое, што адзін з актывістаў БХД Яўген Дудкін — агент КДБ.

Пра сітуацыю з Яўгенам Дудкіным распавядае сябра ўправы БХД Сяргей Верамеенка:
– Тое, што Яўген Дудкін з’яўляецца супрацоўнікам КГБ, нам стала вядома напрыканцы студзеня. Пры гэтым мне стала вядома, што ён не ахвяра, якога прымусілі нешта падпісаць, а зрабіў гэта добраахвотна. Яўген Дудкін, згодна з яго асабістым прызнаннем, падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КГБ добраахвотна. Гэта было яго асабістае жаданне. З якіх памкненняў ён гэта зрабіў, думаю, будзе цікава журналістам, калі яны знойдуць яго, і ён сам патлумачыць.
Сяргей Верамеенка таксама здзіўлены паводзінамі Яўгена Дудкіна ў адносінах да Фундацыі БХД:
– Што ён быў супрацоўнікам, гэта стала прычынай яго выключэння з партыі БХД, ну і, канешне, з управы партыі БХД.
– Я ведаю, што ён таксама кіраўнік вашага фонда да сённяшняга часу. Фонд называецца, праўда?
– Так, гэта называецца фонд, альбо фундацыя БХД, і яе стваралі сябры партыі БХД, але ў нас прайшоў сход, на якім Яўген Дудкін быў пераабраны з пасады старшыні. На жаль, на дадзены момант ён не аддае ніякіх дакументаў, не дае доступу да банкаўскага рахунку.
Па словах Сяргея Верамеенкі, актывісты БХД плануюць звяртацца па справе Яўгена Дудкіна да Фундацыі БХД у польскую пракуратуру і іншыя праваахоўчыя органы.
На дадзены момант польскія спецслужбы апытваюць актывістаў, якія мелі кантакты з Яўгенам Дудкіным.
Беларускае Радыё Рацыя





