BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Верамеенка пра грыбы

Што аб’ядноўвае наш транспамежны рэгіён беларуска-польскага сумежжа?
Мова, культура, традыцыі, звычкі, роднасныя сувязі … А таксама – лес. А лес – гэта ціхае паляванне, збор грыбоў. Пра тое, якім быў гэты грыбны сезон, як і якія тут можна збіраць грыбы, а самае галоўнае, як іх смачна прыгатаваць – раскажа наш Госць Рацыі Сяргей Верамеенка. Размаўляе з ім Юрась Дзяшук.

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка

РР: Ведаю цябе як заядлага грыбніка. Тут якраз падыходзіць да заканчэння грыбны сезон і сёння пагаворым пра грыбы. Ці ўдалы гэта быў сезон у параўнанні з мінулымі?

Сяргей Верамеенка: Для мяне любы сезон – гэта пытанне вольнага часу. Калі ёсць вольны час, то, канешне ж, можна паехаць у лес і там што-небудзь пашукаць. А я, як жартую, і ўзімку, і ў самы мароз усё роўна знайду што-небудзь у лесе. Я з дзяцінства ведаю вельмі шмат грыбоў, гэтаму мяне навучыў мой бацька. Калісьці яны былі ўсёй сям’ёй у эвакуацыі ў Сібіры, і там збіралі вельмі шмат грыбоў. Гэта былі такія часы пасля Другой сусветнай вайны, вельмі складаныя, і трэба было неяк людзям выжываць. Таму ён мяне навучыў практычна ўсім грыбам, якія растуць у нашых беларускіх лясах. Адзінае толькі, я не ведаў, як яны правільна называюцца, ён часам выдумваў якія-небудзь назвы сам, але я ведаў, што гэты, напрыклад, ядомы, а гэты неядомы.

РР: Чым адметны быў гэты сезон-2025 года?

Сяргей Верамеенка: Гэты сезон падабаўся мне тым, што грыбы ішлі паступова, то бок спачатку летнія пайшлі. А зараз ужо больш асеннія, адзінае, што толькі шмат з гэтых грыбоў насамрэч нават нашы аўтахтоны-беларусы не ведаюць, напрыклад, грузды, па-польску млечнік называецца. Часам пішуць на польскіх форумах, што гэта неядомы грыб. Хаця насамрэч яго трэба вымочваць і гэта сапраўдны далікатэс. Выкарыстоўваючы розныя рэцэпты, з грыбоў можна рабіць цудоўныя далікатэсныя блюды і потым частаваць гасцей.

РР: Ты згадаў пра аўтахтонаў, і звычайна рыбакі і грыбнікі не выдаюць сваіх грыбных месцаў. А куды звычайна вы тут ездзіце?

Сяргей Верамеенка: Мы тут самыя звыклыя, едзеш уздоўж лесу і бачыш, дзе стаяць машыны. Калі стаяць машыны, значыцца ёсць грыбы. І дзесьці там трэба ад’ехаць ад гэтай машыны і хадзіць шукаць. І, канешне ж, сучаснасць наша – інтэрнэт, гугл-мэпс, ставіш кропачку і падпісваеш, што мы знайшлі ў гэтым лесе. І на наступны год ужо дакладна ведаеш, што тут будуць польскія, тут будуць парасонікі, тут грузды і г.д. Я заўважыў, што і палякі таксама карыстаюцца такім спосабам. Як толькі станеш і за табой стане адна-дзве машыны і ідуць збіраць за табой тое, што ты не дазбіраў.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя