База даносаў. Беларуская партыя «Народная Грамада» паведаміла пра выключэнне са спісу на выбары ў Каардынацыйную раду, як і са складу партыі, аднаго са сваіх сябраў Паўла Бялюціна. Ён фігураваў у злітай «Кіберпартызанамі» базе зваротаў у КДБ.
Паведамленне Бялюціна тычылася цяперашняга палітвязня Мікалая Аўтуховіча, нібыта той «прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады».
У сваю чаргу джазавы музыкант Павел Аракелян, які з 2022 года жыве ў эміграцыі, адшукаў у апублікаванай базе данос на самога сябе. Гэты данос належыць арганізатару джазавых мерапрыемстваў у Беларусі Яўгену Уладзіміраву. Той у 2020 годзе інфармаваў КДБ аб тым, што «падрыўная правакацыйная дзейнасць Аракеляна ў сацсетках і штовечаровыя выступленні ў гарадскіх дварах з мэтай дыскрэдытацыі ўлады і рэжыму злачынныя!».
У базе ёсць і даносы на беларусаў у Беластоку і ў іншых гарадах свету.