
Сярод суддзяў Гарадзеншчыны пераважаюць жанчыны. Пра гэта паведамляе рэсурс “Гарадзенская праваабарона”.
Старшыня гарадзенскага абласнога суду Аляксандар Корзун у сваім інтэрв’ю галоўнаму дзяржаўнаму прапагандысцкаму рупару рэгіёну паведаміў, што ў судах вобласці зараз ёсць некалькі вакансій. Па словах Корзуна неўзабаве трох суддзяў будзе рэкамендавана Лукашэнку для іх прызначэння на пасады.
Паводле заканадаўства той, хто прэтэндуе на пасаду суддзі, павінен мець не менш 25 гадоў, у яго павінна быць таксама юрыдычная адукацыя і ня менш трох гадоў стажу працы. Сярод сённяшніх кадраў, якія сядзяць у судзейскіх крэслах, ёсць ранейшыя работнікі пракуратуры, следчых камітэтаў. Паводле Корзуна стаць суддзямі маюць шанцы таксама ранейшыя сакратаркі судоў, якія вядуць пратаколы паседжанняў і выконваюць іншыя тэхнічныя функцыі.
Цікава, што ў цяперашнім судзейскім корпусе Гарадзенскай вобласці пераважаюць якраз жанчыны – іх ажно 52 адсоткі супраць 48 % мужчынаў-суддзяў.
Усяго ж у Гарадзенскай вобласці зараз ажно 115 суддзяў – 20 з іх вядуць працэсы ў абласным судзе, а 95 – у раённых.