Ці ведаеце, што самае страшнае для чалавецтва? Скажаце: войны, катастрофы, пандэміі, стыхійныя бедствы. І… памыліцеся. Аказваецца, такая банальная рэч, як мабільны тэлефон, нясе яшчэ больш сур’ёзную небяспеку. Дакладней, канкрэтны яго від – iPhone. “Разбуральнік міжчалавечых сувязей”, “шкодная і жахлівая рэч для чалавецтва” – гучныя, сакавітыя, безапеляцыйныя выразы, быццам сашлі з вуснаў Гундзяева на пропаведзі.

Але, як ні дзіўна, словы належаць іншаму, але не менш уплывоваму і гэтак жа багатаму чалавеку. Гендырэктар Першага канала Канстанцін Эрнст амаль чвэрць стагоддзя прапаведуе сваёй шматмільённай пастве “вялікія і вечныя ісціны” з вядомых метадычак. Часам асабіста, але часцей праз «зліўныя бачкі» (рты) сваіх упаўнаважаных асоб. Пагарду да айфонаў гендырэктар аргументуе звядзеннем да нуля традыцыйных сямейных каштоўнасцяў: маўляў, замест таго, каб наведаць бацькоў, людзі абмяжоўваюцца званкамі; душэўныя гутаркі з дзецьмі замяняюць назіраннем за іх геалакацыяй. Ды і сябрам выслаць смс куды прасцей, чым сустрэцца. Вельмі скрэпныя аргументы.
А Стыў Джобс, на думку Эрнста, “стаіць ў чарадзе персанажаў, дзе перад ім незадоўга знаходзіцца Гітлер”. Чамусьці сам Эрнст далікатна маўчыць, хто ў гэтай чарзе бліжэй за ўсіх да Гітлера. І ў гэтага персанажа, як вядома, мабільнага тэлефона няма. Скрэпы – яны такія!
Ліха Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






