BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Смерць Ігара Ледніка і магчымы падыход да пакарання катаў

Тое, што чалавека з інваліднасцю мэтанакіравана дабівалі, мы ведаем ад сведкі, якога знайшло выданне «Новы час».

Пачну з вытрымкі з публікацыі «Новага Часу». Журналіст знайшоў Аляксея Галоўкіна, які некаторы час перакрыжоўваўся з Ігарам Леднікам у Бабруйскай калоніі нумар два: «Стан яго здароўя ўжо на той момант быў жахлівы. Праз гэта Ігара нават не размяркоўвалі ў атрад. Ігар чакаў і спадзяваўся, што яго вывезуць у горад, у грамадзянскі шпіталь, і там хоць больш-менш падлечаць.

Ігар трымаўся вельмі годна, сапраўдны мужык. Разам з тым, ён казаў мне, што хутчэй за ўсё ён памрэ ў калоніі. Казаў, што яго стан здароўя ўвесь час пагаршаецца, і калі яму не акажуць кваліфікаваную, своечасовую медычную дапамогу, да вызвалення ён папросту фізічна не дацягне».

Гэта ўжо не першае апасродкаванае забойства шляхам не надання медычнай дапамогі. Не першае падобнае забойства. Відавочна, што да людзей за кратамі ў лукашэнкаўскай Беларусі ставяцца як да адкідаў. А калі палітычны, то там дзейнічаюць правілы, спецыяльна прыдуманыя, але нідзе афіцыйна не прапісаныя.

Геапалітычная перспектыва сёння выглядае вельмі цьмяна, і не на карысць беларусаў, украінцаў, і хутчэй за ўсё палякаў і жыхароў краінаў Балтыі.

А гэта значыць, што смерці палітычных зняволеных за кратамі будуць павялічвацца.

Але кожнае наўпроставае ці апасродкаванае забойства кожнага грамадзяніна, будзь то палітычны ці «звычайны», мусіць штурхаць нас пра думкі пра форму адплаты, якую мусяць панесці саўдзельнікі масавага злачынства, якое пакуль у рабочым парадку можна назваць «лукашызмам».

Па-першае, само абмеркаванне тэмы што будзе пасля вяртання Закону ў Беларусь – гэта ўжо псіхатэрапія.

Па-другое, хто сказаў што Зло пераможа? Каб не сталася сітуацыя «свабода прыйшла, а мы не падрыхтаваныя», я прапаную сваю версію як юрыдычна абысціся з катамі.

Я лічу, што не мусіць быць люстрацый. Мы зашмат аглядаемся на канец 1980-х, калі пачалі бурыцца камуністычныя рэжымы ў палітычнай Усходняй Еўропе.

Мусіць быць адна крымінальная справа па Лукашэнку, астатнія дзясяткі тысяч памагатых мусяць ісці як саўдзельнікі альбо падазраваныя ў саўдзеле. У стане падазраваных некаторыя і да старасці дажывуць, бо працэс будзе на дзесяцігоддзі. І правасуддзе ёсць каму здзяйсняць, а хтосьці падрасце ў працэсе працэсаў.

І дэмакратычна, і тэхнічна проста, і эканоміць рэсурс па справаводствах.

Важна, каб людзі ў лукашэнкаўскіх пагонах таксама думалі ўжо сёння пра тое, што павароты гісторыі бываюць нечаканымі для звычайных людзей.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя