Стала вядома пра смерць 22-гадовага віцябляніна Расціслава Чаховіча. Раней яго судзілі паводле палітычнага абвінавачання.

Расціслаў Чаховіч нарадзіўся ў 2002 года ў Віцебску. Як піша “Наша Ніва”, у 2021 годзе яму прысудзілі штраф за графіці “Сыходзь, таракан, 3%”, намаляваныя на прыпынках і кіёсках. На момант суда было вядома, што хлопец мае анкалагічнае захворванне і трэцюю групу інваліднасці.
Паводле артыкула 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» яму пагражала ад штрафу да 3 гадоў калоніі. Чаховічу далі меншае пакаранне — штраф памерам 290 рублёў.
Пасля суда МУС дадало віцябляніна ў спіс экстрэмістаў. Дакладная дата смерці Чаховіча невядомая. У сацсетках ён не з’яўляўся з красавіка 2024 года.