Па памілаванні вызвалены палітвязень Арцём Баярскі. Адбылося гэта яшчэ ў студзені. Былы студэнт хімфака БДУ правёў за кратамі амаль чатыры гады.

Баярскі быў вельмі паспяховым і перспектыўным студэнтам. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. У 2020-м адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі на знак пратэсту супраць гвалту ў краіне. Ліст у падтрымку Арцёма падпісалі каля 50 сябраў Расейскай акадэміі навук, у тым ліку 15 акадэмікаў, 26 членаў-карэспандэнтаў і 6 прафесараў.
У снежні 2021-га Менскі гарадскі суд асудзіў Арцёма Баярскага на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у “стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем”, а таксама “ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Паводле следства, Баярскі адміністраваў так званы экстрэмісцкі рэсурс.
Прапагандыст Юрый Васкрасенскі таксама назваў яшчэ чатырох палітвязняў, вызваленых па памілаванні — Жарло, Грыдзюшка, Бурлакова і Зубкоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: “Вясна”






