Сталічныя перавозчыкі і дыспетчары таксі сустрэліся з прадстаўнікамі Мінтранса і транспартнай інспекцыі, каб растлумачыць для сябе дэталі работы ў новых умовах, звязаных са стварэннем рэестра.

“У прыватнасці, удзельнікаў сустрэчы хвалявалі пытанні, якія датычацца праходжання абавязковых курсаў павышэння кваліфікацыі, ці захаваецца магчымасць сумяшчэння некалькіх работ і што рабіць, калі ёсць неабходнасць тэрмінова падвезці аднаго з членаў сям’і”, — паведамілі ў Мінтрансе.
Супакоіць прадпрымальнікаў было даручана першаму намесніку начальніка транспартнай інспекцыі Юрыю Касцюку.
Ён запэўніў, што новых патрабаванняў да павышэння кваліфікацыі кіроўцаў таксі, звязаных з увядзеннем рэестра, заканадаўства не прадугледжвае, сумяшчальніцтва не забаронена, а выкарыстанне аўтамабіля ў асабістых мэтах у непрацоўны час не забараняецца.
Аднак, адзначыў Касцюк, “каб не ўводзіць у зман патэнцыйных пасажыраў, перад (асабістай – заўв. рэд.) паездкай трэба зняць усе знешнія атрыбуты таксі”.
Нарэшце, пытанне, якое трывожыць як бізнес, так і пасажыраў: ці не зменшылася ў выніку рэформ колькасць вадзіцеляў, гатовых працаваць у таксі? Касцюк запэўніў, што такія “асцярогі… не апраўдаліся”.
Беларускае Радыё Рацыя






