BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Станіслаў Салавей: У Беларусі і лекары, і пацыенты – неабаронены

Доктар Станіслаў Салавей працаваў акушэрам-гінеколагам у РНПЦ “Маці і дзіця” і 3-й менскай гарадской клінічнай бальніцы. Быў звольнены па палітычных матывах. З 2021 па 2024 год працаваў лекарам ва Украіне.

Зараз Станіслаў Салавей прызначаны намеснікам прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, які адказвае за пытанні ў сферы аховы здароўя. Асноўная задача, якую перад ім паставілі – распрацоўка праекта рэформы сістэмы аховы здароўя на пераходны перыяд. Таксама ён будзе займацца абаронай правоў беларускіх медыкаў за мяжой.

Менавіта пра гэта Вольга Сямашка і пагутырыла са Станіславам Салаўём:

РР: Віншуем вас з прызначэннем на пасаду намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета. Раскажыце, у чым палягае вашая далейшая дзейнасць.

Станіслаў Салавей: Мая асноўная задача – праект рэформ пераходнага перыяду, каб не дазволіць стаць сістэме ў ступар. Астатнія задачы будуць ісці другасна. Любы збор і любая аналітыка, інфармацыя – усё, што можна выкарыстоўваць для праграмы рэформ. Любую інфармацыю можна выкарыстоўваць для распрацоўкі якіхсьці праектаў, накіраваных на рашэнне ўнутры беларускіх праблем. Такія задачы патрабуюць крыху цішыні, таму што, на жаль, прыярытэты ў рэжыма ўсім нам добра зразумелыя. І любая ідэя, ну не ведаю, напрыклад, дапамога бяздомным кацянятам, будзе заблакавана проста таму, што яна сыходзіць ад ідэалагічна няправільных людзей. Па тэрмінах гэта не агаворвалася. Але я хацеў бы, каб першы драфт рэформ быў гатовы напрыканцы гэтага года, або на пачатак наступнага. Гэта тая праца, якую трэба было рабіць год – паўтара – два таму.

РР: Зараз, відаць, важнае пытанне – пакінуць сувязі паміж тымі, хто выехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся ў Беларусі. Тэма медыцыны ў Беларусі даволі балючая. Назіраецца адток кадраў. Ці захоўваецца такая сувязь?

Станіслаў Салавей: Захаванне сувязяў? Тут я скажу так, ніякіх сувязяў у нас няма, мы ні з кім не падтрымліваем кантакты. І катэгарычна будзем іх адмаўляць. Гэта для пратаколу. На практыцы, калі гаварыць пра ўрачэбную супольнасць, то ў нашай краіне яна даволі кампактная і ў цэлым усе адзін аднаго ведаюць. Да 2020 года не існавала складанасці даведацца нейкую інфармацыю пра твайго сваяка ці знаёмага, які трапіў у бальніцу ў другім канцы краіны. Або ты ведаеш таго, хто працуе там у бальніцы, або нехта з тваіх знаёмых ведае. У Беларусі чатыры медуніверсітэты і даволі кампактная краіна. Сувязі ёсць. Наколькі ахвотна будуць дзяліцца інфармацыяй – залежыць ад канкрэтнага чалавека, таму што гэта ўяўляе пэўныя рызыкі. Але такія людзі ёсць. Ёсць магчымасці ананімнага паведамлення інфармацыі. Ёсць канал «Белыя халаты», у якога ніколі не было «праколаў» з бяспекай. Таму ў любым выпадку сувязь ёсць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя