BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Стартаваў новы сезон праекту “Новай Беларусі”

6 лютага стартаваў новы сезон праекту лічбавага самакіравання «Новай Беларусі». Гэта ўнікальны праект, дзе беларусы і беларускі могуць самі прафінансаваць рэалізацыю сваіх ідэй. Гэта пляцоўка, дзе сустракаюцца людзі з прагай захаваць сваю беларускасць, нараджаюцца ідэі і збіраюцца грошы, каб рэалізаваць тыя з іх, якія абяруць самі ўдзельнікі і ўдзельніцы праекту.

Летась праект па лічбавым самакіраванні быў пілотным. «Новая Беларусь» пратэставала падрыхтаванасць беларускай супольнасці браць на сябе адказнасць за вырашэнне нацыянальных праблем. А таксама праверыла, як працуюць інструменты прыняцця сумесных рашэнняў, якія каманда распрацавала спецыяльна для праекту. 

У тым годзе да праекту далучылася як мінімум 265 удзельнікаў і ўдзельніц (дакладная колькасць невядомая, бо частка людзей фундавала партнёрам свой адсотак ад падаткаў, але не дасылаў нам скрын дэкларацыі, таму гэтых удзельнікаў/-ц мы не змаглі ўлічыць). Было сабрана каля 47 000 еўра, на якія ў Літве ўжо запусцілі бібліятэку беларускай кнігі, а ў Польшчы ствараюць сайт па сапраўднай гісторыі Беларусі (падрабязнасці — ужо хутка).

Уявіце, якія маштабныя і амбіцыйныя ідэі можна будзе рэалізаваць, калі да «Будуй сваё» ў гэтым годзе далучыцца 5000 беларусаў і беларусак.

Мы ўпэўніліся ў падрыхтаванасці беларусаў і беларусак браць на сябе адказнасць, пафіксілі некалькі інструментаў, крыху змянілі ход праекту і цяпер гатовыя яго маштабаваць. Як ён пройдзе ў гэтым годзе і што будзе новага?

Новая назва

Тэставы запуск выкрышталізаваў галоўную каштоўнасць праекту і яго асноўны сэнс. Беларусы і беларускі могуць будаваць свой дом, ствараць камфортнае для сябе асяроддзе, у якой краіне яны б ні жылі. Яны могуць самастойна не толькі ствараць, але і фінансаваць патрэбныя ім для гэтага праекты. У іх ёсць для гэтага ўсё неабходнае: любоў адзін да аднога, прага і талент ствараць, рэсурсы рабіць гэта прафесійна і эфектыўна. Праект лічбавага самакіравання — гэта пляцоўка, дзе беларусы і беларускі могуць аб’яднаць свае рэсурсы і скіраваць іх на вырашэнне агульных праблем, лакальных і маштабных — будзь то беларускамоўны дзіцячы гурток ці онлайн-праект для атрымання новых прафесій.

У новым сезоне праект запускаецца з адпаведнай яго каштоўнасцям назвай — «Будуй сваё». Мы заклікаем беларусаў і беларусак з любой краіны далучыцца і будаваць сваё, са сваімі і для сваіх.

Новы маштаб

Сёлета ў праекце «Будуй сваё» змогуць паўдзельнічаць беларусы і беларускі з любой краіны, а не толькі з Літвы ці Польшчы, як летась. Для гэтага мы запусцілі новы кірунак праекту — Global. Далучыцца да яго можна наўпрост цяпер праз унёсак ад 35 еўра. Мы прапануем удзельнікам і ўдзельніцам суполкі Global стварыць на агульна сабраныя грошы карысны digital-праект, актуальны для беларусаў і беларусак любой краіны, у тым ліку Беларусі. Гэта магчымасць зноў усім аб’яднацца вакол агульнай мэты і адчуць, што ніякага падзелу паміж беларусамі і беларускамі няма, нягледзячы на кіламетры паміж імі.

Новая механіка

Пілотны праект выявіў недахопы распрацаванай намі механікі — у гэтым годзе мы іх выправім. Напрыклад, мы атрымалі фідбэк, што людзям не падабаецца фундаваць грошы на невядомыя ідэі. Таму ў гэтым годзе прыём ідэй стартуе неўзабаве пасля старту прыёму фундушаў.

Стала зразумела, што не ва ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц з класнымі ідэямі ёсць досвед запуску праектаў. Каб яны адчувалі сябе больш упэўнена, мы запусцім навучальны блок пра рэалізацыю ідэй. А таксама створым сістэму, каб аўтарам выдатных ідэй было неабавязкова іх самастойна рэалізоўваць.

Мы пабачылі, што большасць беларусаў і беларусак гатовая фундаваць грошы, а запыт прапаноўваць і абмяркоўваць ідэі ёсць у меншасці. Але і тыя, і іншыя — аднолькава цэнныя для праекту. Каб данесці гэтую думку, мы стварылі некалькі ролевых мадэляў для ўдзельнікаў і ўдзельніц.

Як далучыцца

Далучыцца да «Будуй сваё» можна наўпрост цяпер двума спосабамі:

  1. Праз падатковую дэкларацыю: зафундаваць 1,5% (у Польшчы) ці 1,2% (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасць у партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі» пры запаўненні дэкларацыі.

У гэтым годзе ў праекта ты ж самыя партнёры ў Польшчы (фундацыі Tutaka і FaniMani) і новы ў Літве (арганізацыя ZUBR.IN).

  1. Праз унёсак: пералічыць ад 35 еўра.

Рэквізіты партнёраў праекту, гайды, як запоўніць дэкларацыю, таймлайн праекту, а таксама адказы на папулярныя пытанні, калі ласка, шукайце на сайце.

Мы ўпэўненыя: беларусы і беларускі могуць запускаць маштабныя і значныя для супольнасці праекты самастойна, на свае грошы, без дапамогі донараў і фондаў. Учора 265+ беларусаў і беларусак стварылі бібліятэку і важны сайт. Сёння 5000 беларусаў і беларусак могуць запусціць онлайн-платформу для навучання ці рэабілітацыйны цэнтр для былых палітзняволеных.