Разам з былым ваяром беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Васілём Верамейчыкам, якога В’етнам выдаў Беларусі, судзілі яшчэ аднаго экс-дабраахвотніка, палітзняволенага Васіля Грачыху, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Паводле звестак праваабаронцаў, мужчын абвінавачвалі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Верамейчык і Грачыха ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары № 1 у Калядзічах (Менскі раён). Раней стала вядома, што Верамейчык прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі. Пра Грачыху прапагандысты заявілі, што яго пазыўны “Васіліск”. Сцвярджалася, што ў лютым 2022 года ён выехаў з Беларусі ў Польшчу, пасля падрыхтоўкі ўступіў у ПКК. Паводле інфармацыі прэс-службы палка, Грачыха далучыўся да іх у траўні 2022 года, але пакінуў падраздзяленне ўжо ў чэрвені таго ж года з уласнага жадання.





