Стэндап-комікі беларус Слава Камісарэнка і ўкраінец Дзмітрый Раманаў пазбаўленыя грамадзянства РФ па ініцыятыве ФСБ. Ім таксама забаронены ўезд у Расею, піша расейскае выданне «Камерсант” са спасылкай на спецслужбу.

Фота: Скрыншот відэа.
Як растлумачылі ў ФСБ, падчас канцэртаў на тэрыторыі краін Еўразвязу комікі выступаюць супраць вайны ва Украіне і «транслююць ідэі аб неабходнасці падрыву асноў канстытуцыйнага ладу Расеі». Іх дзеянні ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы РФ, заявілі ў спецслужбе.
Нагадаем, Слава Камісарэнка жыве за мяжой. Ён вядомы беларускі стэндапер. Пасля электаральнай кампаніі ў Беларусі 2020 года Камісарэнка не раз выказваўся аб фальсіфікацыі выбараў і асуджаў гвалт з боку сілавікоў супраць пратэстоўцаў.
Камісарэнка атрымаў грамадзянства Расеі ў 2021 годзе, а пасля пачатку вайны з’ехаў адтуль.
30 снежня Менскі гарадскі суд завочна асудзіў Камісаранку да шасці гадоў калоніі. Ён унесены ў так званы спіс «тэрарыстаў».