Больш за год блізкія Марыі Калеснікавай нічога не ведаюць пра яе. “Свабода” са сваіх крыніц дазналася трохі інфармацыі пра палітзняволеную.
Апошні ліст ад Марыі родныя атрымалі 15 лютага мінулага года. “Увесь гэты час, прынамсі амаль год, Марыя знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Яе змясцілі ў адзіночную камеру ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Паводле закона, максімальны тэрмін знаходжання ў ПКТ — 6 месяцаў. Таму яе пераводзілі на некалькі дзён у ШЫЗА — і адтуль зноў кінулі ў ПКТ”, — патлумачыў адзін з суразмоўцаў.
Нагадаем, у канцы лістапада 2023 году асуджаная на 11 гадоў Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Ёй правялі экстраную аперацыю, выявілі прабадную язву, якая ўскладнілася перытанітам.
Яшчэ адна крыніца “Свабоды” сцвярджае, што праблемы са здароўем у Марыі працягваюцца і цяпер, у тым ліку з высокім ціскам.