
Фонд «BYSOL» апублікаваў заяву з нагоды абвінавачвання Андрэя Стрыжака ў рассыланні фота чэлеса. Арганізацыя пачала ўнутраны разбор, і на гэты час актывіста адхілілі ад кіраўніцтва.
У заяве «BYSOL» дзеянні сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака названыя недапушчальнымі, а пацярпелым выказаныя спачуванні і падтрымка.
Адзначаецца, што ў арганізацыі дзее «ўнутраная антыдыскрымінацыйная палітыка, якая не прымае любых формаў дыскрымінацыі, харасмэнту, мобінгу і іншых праяваў нецярпімасці і ксенафобіі з боку кіраўніцтва і каманды».
Фонд ініцыяваў унутраны разбор, пасля будзе прынятая пастанова наконт магчымасці далейшай супрацы з Андрэем Стрыжаком. Да правярання прыцягнуць профільных экспертаў і экспертак, папярэднія вынікі абяцаюць апублікаваць не пазней за 1 верасня:
,,«Ад 22 ліпеня 2025 года на перыяд разбору Андрэй Стрыжак адхілены ад кіраўнічай пасады і выканання прадстаўнічых функцыяў ад імя арганізацыі».
У заяве таксама зазначаецца, што фондам кіруе дырэктарат, праца арганізацыі працягваецца ў штатным рэжыме:
«Мы эвакуюем людзей з Беларусі, надаем беспасярэднюю дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў, палітзняволеным і іхным сем’ям, а таксама дапамагаем ініцыятывам грамадзянскай супольнасці. Усе кірункі дзейнасці працягваюць сваю працу без зменаў».
«Белсат» спытаў Стрыжака, ці не будзе аспрэчваць пастанову аб адхіленні ад кіраўніцтва фондам і ці ўважае, што гэтая пастанова справядлівая. Ён адказаў, што «пракаментуе сітуацыю пазней у сваіх сацсетках».
Беларускія актывісткі раней расказалі, што атрымлівалі ад кіраўніка «BYSOL» фота ягонага чэлеса, якіх не хацелі бачыць. У эфіры «Еўрарадыё» прагучала, што ад дзеянняў Стрыжака пацярпелі найменей 10 жанчын.
Белсат






