BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ствараецца база беларускіх арганізацый, якім можна пералічваць 1,2% -1,5% падатку

Прадстаўніцтва на нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета стварае базу арганізацый, якім можна пералічваць 1,2% ці 1,5% падатку ў краінах Балтыі і Польшчы. “Беларуская супольнасць хоча дапамагаць сваім ініцыятывам – і гэта рэальны спосаб атрымаць такую дапамогу”, – перакананыя арганізатары.

Пра новы праект Госць Рацыі – выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі распавёў нашаму радыё.

РР: Ствараецца база культурніцкіх арганізацый. Навошта?

Павел Баркоўскі: Я б сказаў, што гэта нават шырэй, чым культурніцкіх арганізацый. Бо гаворка ідзе пра арганізацыі, што займаюцца і адукацыяй, і культурай, і медыя, і ў прынцыпе грамадзянскім актывізмам. І ствараем мы такую базу па адной простай прычыне – бо яна ўжо даўно наспела. Гэта будзе, на наш погляд, файны рабочы інструмент для кожнага беларуса, які хайцеў бы нейкую частку сваіх даходаў, якія ўжо аплаціў у выглядзе падаткаў, скіраваць на падтрымку беларускай справы, каб мог гэта рабіць асэнсавана і бачачы перад сабой спіс тых людзей і арганізацый, каму б ён мог дапамагчы.

РР: Ці можам мы азначыць назвы арганізацый, якія, магчыма, ужо далучыліся?

Павел Баркоўскі:  Так, у нас там ёсць ужо арганізацыі, напрыклад, Беларускія школкі, якія працуюць па выходных днях, альбо арганізацыі, якія займаюцца культурнымі праектамі тут, у Польшчы. Поўны спіс, я думаю, можна будзе ўбачыць пасля 20 чысла, калі мы вывесім першы варыянт гэтай базы, але агулам гэта прапанова для любой арганізацыі, якая працуе ў краінах Балтыі ці Польшчы, якія маюць пэўны неабходны час для свайго існавання па законе, каб магчы атрымліваць такую дапамогу, і каб яны падавалі звесткі пра сябе і пра іх ведалі не толькі падпішчыкі іх лакальных сацсетак, а маглі пра іх даведацца і дапамагчы беларусы з самых розных гарадоў і мястэчак як Польчы, так і Балтыі.

РР: Наколькі шмат такіх арганізацый зараз існуе?

Павел Баркоўскі: Па нашых прыкідках гаворка ідзе ўжо нават не пра дзясяткі арганізацый, такіх арганізацый ужо сотні. І наша задача ствараць цяпер такі спіс, паглядзець, якія з гэтых арганізацый жывыя, хто з іх займаецца нейкай дзейнасцю, і наколькі гэтая дзейнасць карысная і цікавая для беларускай супольнасці, каб іх падтрымаць. І таму мы ў нашым апытальніку задаем не толькі пытанне пра тое, які ў вас рахунак, куды пералічваць грошы, але запытваемся, куды б вы хацелі патраціць тыя грошы, якія збіраецеся атрымаць праз збор, які прапануе заканадаўства? То бок, калі чалавек будзе прымаць рашэнне, ахвяраваць яму на гэтую арганізацыю ці на іншую, ён зможа паглядзець і на тое, што ўжо было зроблена, і на планы, куды могуць пайсці гэтыя грошы. Гэта зробіць куды больш адраснай і канкрэтнай любую падтрымку.

Каб трапіць у спіс арганізацый, якія могуць атрымліваць дапамогу, трэба запоўніць заяўку: https://docs.google.com/forms/d/111GNG0r505kyckpMDaLcckYOTWjfbSrLFfjG4SxpeAA/preview.

Цалкам гутарка:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя