У далёкім 1919 годзе гішпанскі хлопец Крыстобаль Баленсіяга, можа, і меркаваў, што стане знакамітым, але нават не падазраваў, што праз сто з невялікім гадоў апошняя калекцыя яго моднага дому выкліча фантастычнае захапленне ў далёкай Украіне. Эпатажны, правакацыйны, рэвалюцыйны і нават шалёны – такія эпітэты ўвесь час суправаджаюць брэнд Balenciaga.
Яго або любяць, або ненавідзяць. Але паўстае пытанне, якая ўзаемасувязь паміж домам моды, які зараз грунтуецца ў Парыжы, і краінай, якой з-за вайны, мякка кажучы, не да модных капрызаў?
І чаму грузінскі мадэльер Дзёмна Гвасалія – крэатыўны дырэктар кампаніі Balenciaga – атрымаў ад Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ордэн «За заслугі» III ступені? Заслугі Гвасалія былі адзначаны за ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва, падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за папулярызацыю ўкраінскай дзяржавы. Брэнд
Balenciaga стварыў світшот з украінскім сцягам і гербам, а прыбытак ад продажу быў адпраўлены на дапамогу ўкраінскім бежанцам.
Гэтая тэма вельмі блізкая для Гвасалія, таму што ён сам у свой час стаў уцекачом пасля акупацыі Абхазіі РФ.
І ўсё ж: што асаблівага ў новай калекцыі моднага дому Balenciaga? Усяго толькі сціплая чорная сукенка ў выглядзе смеццевага мяшка за 6 тысяч даляраў, праз які брэнд быў вымушаны закрыць каментары. Карыстальнікі з Украіны сталі масава пісаць, што навінка ідэальна падыходзіць для расейскіх салдат. Пардон, не жывых. Крэатыўнасці ў брэнда не адбярэш, але і ніякага падтэксту ў мадэлі сукенкі, відавочна, не было. Брава, Balenciaga, за супадзенне!
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Balenciaga