Факт: не ўся Украіна цалкам ўкраінамоўная. Прыкры факт: яна мяжуе з пяццю расейскімі абласцямі.
Абнадзейлівы факт: пераважная большасць жыхароў памежжа свядома выключыла расейскую мову з побыту. Або ж размаўляе на суржыку – сумессю ўкраінскай і расейскай моў.

Далікатная, але прынцыповая ўкраінізацыя пачалася пасля 2014 года і свайго піку дасягнула ў 2022-м. Менавіта тады людзям стала сорамна публічна карыстацца мовай агрэсара. Але цяпер, калі спрацавала псіхалогія прывыкання да вайны, частка грамадства паступова вяртаецца да сваіх старых моўных практык.
Пры гэтым двухмоўе цудоўна ўжываецца ў публічнай прасторы. Напрыклад, у краме з касірам чалавек размаўляе па-ўкраінску і пры гэтым звяртаецца да людзей, якія стаяць побач, па-расейску. Мова – магутная зброя, галоўны элемент нацыянальнай ідэнтычнасці і лакмусавая паперка.
Але ёсць і факт: калі зараз з Узброеных Сіл Украіны забраць усіх рускамоўных воінаў, то праз тры дні акупанты будуць у Львове. І яшчэ адзін факт: адной з мэт так званай СВА, калі на ўкраінскую зямлю ступіў брудны бот расейца, была абарона рускамоўнага насельніцтва. Супярэчнасць фактаў?
Магчыма. Але ўрэшце рэшт, «какаяразница», на якой мове паказваць вектар рускаму ваеннаму караблю?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






