
У грузінскім Батумі адбылася супольная грузінска-беларуска-украінская акцыя — святкаванне надання Грузіі статуса краіны-кандыдата ў сябры Еўрапейскага Звязу.
Пра важнасць такой акцыі кажа прадстаўнік украінскай дыяспары ў Батумі Аляксей Севярыненка:
—- Сёння Грузія не проста ідзе ў Еўропу, а вяртаецца. Гэтак жа, як мы вяртаемся, як Малдова і як Боснія. Гэта адзіная еўрапейская сям’я.
У нас агульныя каштоўнасці. Гэта воля, свабода, гэта права. Вось што мы маем на ўвазе, калі гаворым пра дэмакратыю.

Кіраўнік арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў упэўнены, што і беларусы ў адным шляху да Еўрапейскага звязу:
— Беларусам важна ў гэты дзень быць з грузінамі і ўкраінцамі, бо наш наканаваны шлях у Еўропу быў спынены прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, і спынены Расеяй. Мы сведчым удзелам у гэтых акцыях пра тое, што мы прагнем далучыцца да Еўропы.

Акцыі-святкаванні адбыліся ў іншых частках Грузіі. Самая вялікая акцыя адбылася ў сталіцы Грузіі – Тбілісі, дзе на праспект Руставелі вышлі сотні студэнтаў і грамадскіх актывістаў са сцягамі Еўрасаюза.


Беларускае Радыё Рацыя






