Следчы камітэт 25 красавіка адкрыў спецвытворчасць у дачыненні да берасцейскага рэстаратара Кірыла Борахава. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у буйным памеры. Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Выданне «Люстэрка» згадвае, што Кірыл Борахаў у свой час адкрыў першы ў Берасці караоке-клуб «Сола», затым гастра-бар Korova, бар «Мір», сямейную кавярню Mario, дастаўку ежы «Тук-тук». Ён таксама развіваў фастфуд у Менску і Маскве.
На фоне падзей 2020 года ў Кірыла Борахава ўзніклі праблемы на радзіме. Ягоны гастра-бар Korova некаторы час быў зачынены, а пазней змяніў ўладальніка. Новым гаспадаром стаў прадпрымальнік Павел Вакульчык — траюрадны брат былога кіраўніка КДБ і цяперашняга памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Берасцейскай вобласці Валерыя Вакульчыка.
У 2022 годзе на месцы Korova зарэгістравалі новую ўстанову — бар «Каза». Сам Кірыл Борахаў быў вымушаны выехаць з Беларусі.






