BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Супраць Ірыны Халіп пачалі крымінальную справу

Пракратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да спецыяльнай карэспандэнткі «Новой газеты Европа» Ірыны Халіп. Пра гэта журналістка паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

Ірына Халіп. Фота: svaboda.org

Паводле слоў Халіп, раніцай 27 лістапада сілавікі правялі вобшук у кватэры яе бацькоў у Менску. Яны прад’явілі пастанову, паводле якой следчыя дзеянні праводзіліся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай супраць журналісткі. Бацькам паведамілі, што справа ўзбуджаная па «экстрэмісцкім» артыкуле, але канкрэтных дэталяў яны «не ведаюць».

«Маму дапытвалі. Ёй 89 гадоў. У кватэры праводзілі вобшук у сувязі са справай супраць мяне. Што цікава, справу ўзбудзіла Наваполацкая пракуратура. У Наваполацку я была два разы ў жыцці — прыязджала на спатканне да мужа ў калонію», — напісала Халіп.

Падчас допыту маці журналісткі, Люцыны Бельзацкай, сілавікі спрабавалі высветліць месцазнаходжанне Халіп і патрабавалі яе нумар тэлефона. Ніякіх рэчаў, якія маглі б мець дачыненне да прафесійнай дзейнасці карэспандэнткі, у кватэры не выявілі.

У 2011 годзе Ірыну Халіп асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на два гады па «справе аб масавых беспарадках» пасля выбараў 2010 года. Па заканчэнні тэрміну адтэрміноўкі суд вызваліў яе ад пакарання.