BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Супраца ідзе даўно, шмат чаго зроблена”

Музей Вольнай Беларусі і Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў “Да Волі” працягваюць супрацу. Цяпер прадстаўнікі пляцоўкі і аб’яднання рыхтуюць сумесную падзею да Дня салідарнасці з палітзняволенымі, які адбудзецца ў траўні.

Пра гэта і не толькі – у гутарцы дырэктаркі Музею Наталлі Задзяркоўскай і прадстаўніка Асацыяцыіі Алега Кулешы з нашым радыё. 

РР Цяпер паміж Музеем Вольнай Беларусі і Беларускай Асацыяцыяй Палітвязняў “Да Волі” назіраецца пэўная супраца. Распавядзіце, калі ласка, пра вашыя кантактаванні.

Алег Кулеша: Насамрэч у нас супраца ідзе ўжо даўно, шмат чаго зроблена, нават ёсць чым ганарыцца. Так сталася, што стварэнне асацыяцыі нават непасрэдна адбывалася пры ўдзеле Музея Вольнай Беларусі, таму што калі мы рабілі агульную канферэнцыю, мы звярталіся па дапамогу тэхнічную па памяшканні. І ўвогуле ўсе ведаюць, што большая частка палітвязняў, як наша асацыяцыя, яны ўсе жывуць тут, можна так сказаць. Таму я лічу, што не зараз, а гэтая праца вядзецца даўно, і шмат чаго зроблена. Зроблена тая ж самая выстава 15.25, якая ўрэшце стала штогадовай выставай.

РР: Што гэта за выстава?

Алег Кулеша: Выстава, прысвечаная Дню салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Сваё жыццё выстава пачала акурат у Музеі Вольнай Беларусі. І ў сувязі з тым, што ў нас у асацыяцыі пачынаецца праца па некаторых нашых акцыях і івентах акурат размова ідзе пра тое, што мы будзем рабіць у гэтым годзе.

Наталля Задзяркоўская: Гэты праект 15.25 сапраўды першая супраца з Беларускай Асацыяцыяй Палітвязняў “Да Волі”. І для нас яна вельмі важная і значная тым, што непасрэдны ўдзел у арганізацыі гэтага праекта прымалі самі былыя палітвязні. Гэта рабілі не мы збоку, а рабілі самі палітвязні, і было вельмі важна, што гэты праект прыцягнуў увагу замежнікаў. Было не менш за 5, а мо і больш прадстаўнікоў амбасад. І калі яны бачылі не проста візуальнае афармленне гэтага праекта, а калі яны чулі словы палітвязняў, якія таксама выступалі на гэтай выставе, непасрэдныя сведкі, то гэта іх вельмі ўразіла. Я памятаю па водгуках – падыходзілі і расказвалі, што былі ўражаныя гэтай сітуацыяй.

Гэтага прынцыпу далучэння да сумеснай працы мы з Беларускай Асацыяцыяй Палітвязняў “Да Волі” прытрымліваемся надалей, таму што іх патрэбы акрамя іх саміх ніхто лепш не ведае. З тых праектаў, якія былі рэалізаваныя сумесна і якія б я назвала паспяховымі і вельмі карыснымі як для суполкі палітвязняў, таксама і для музея, гэта тое, што два гады запар робім навагоднія, калядныя святы для дзетак палітвязняў. Таксама робім сумесна пры непасрэднай арганізацыі чальцоў суполкі і з нашага боку пры падтрымцы прадстаўніцтва Фландрыі ў Польшчы. Вельмі важная падзея і прыемная для дзетак, важная для абодвух бакоў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Нагадаем, што вы можаце падтрымаць працу Музея Вольнай Беларусі і Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў “Да Волі”, пералічыўшы 1,5% свайго падатку. Падрабязней пра гэта – у сацыяльных сетках установы (https://www.facebook.com/share/p/1BBv5gQ3BX/?mibextid=wwXIfr) і аб’яднання (https://www.instagram.com/p/DHDK69kI3MC/?igsh=MTJub28xbGxkbXYwNQ%3D%3D ).

З дырэктаркай Музея Вольнай Беларусі Наталляй Задзяркоўскай і прадстаўніком  Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў “Да Волі” Алегам Кулешам гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: mg1.teletype.in