Менгарсуд вынес прысуд былой супрацоўніцы “Пеленга” Карыне Праташчык. Яна абвінавацілася па артыкуле аб закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” суддзя Любоў Сімахіна прызнала Праташчык вінаватай і прызначыла пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі.

Карыне Праташчык 29 гадоў. Паводле інфармацыі BELPOL, з 2017 года яна працавала на абаронным прадпрыемстве «Пеленг», у апошні час — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5-га разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яе апошняя актыўнасць у сацсетках назіралася летам мінулага года. Прыкладна тады ж праваабаронцы паведамлялі аб масавых праверках супрацоўнікаў “Пеленга”. Паведамлялася пра праверкі на паліграфе, выклікі на «размову» і праверкі тэлефонаў. Паводле праваабаронцаў, некаторыя супрацоўнікі падвергліся адміністрацыйнаму арышту або былі звольненыя.






