
Таццяна Шынкевіч. Фота са старонкі Укантакце
Супрацоўніца банка ВТБ з Жодзіна атрымала вялікі тэрмін па палітычнай справе. Дома яе чакае непаўналетні сын.
Таццяну Шынкевіч звінавацілі ў “распальванні сацыяльнай варожасці групай асобаў”. Яе маглі судзіць за перадачу звестак у “Чорную кнігу Беларусі” паведамляюць праваабаронцы.
Таццяне Шынкевіч 41 год. Родам яна з Жодзіна і, згодна з базамі “Кіберпартызанаў”, апошнім часам там і жыла. Спачатку Таццяна працавала ў Дэльта Банку, але пасля перайшла ў Банк ВТБ, дзе працавала па стане на 2020-ы год.
У Таццяны ёсць сын, якому цяпер каля дзесяці гадоў. Неўзабаве адбудзецца суд, на якім вырашыцца, з кім сын будзе жыць – імаверна, цяпер ён з бацькамі жанчыны.
Таццяна апошні раз выкладала фота ў сацсеткі ўлетку 2022-га, а яе старонка Укантакце была анлайн увосень 2023-га. Яе затрымалі паміж гэтымі датамі.
Таццяна Шынкевіч дакладна атрымала рэальны тэрмін — ад 5 да 12 гадоў калоніі. У чэрвені яе ўнеслі ў спісак тэрарыстаў.