Госця Рацыі – Марына Касінерава – прадстаўніца ініцыятывы Dissidentby.

РР: Напярэдадні ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя, там абмяркоўвалі, як дапамагчы беларускім палітвязням, вывезеным 13 снежня з Беларусі. З якімі найперш праблемамі сутыкаюцца былыя палітвязні?
Марына Касінерава: Што важна зазначыць, гэта даць праваабарончую ацэнку таго, што адбылося з людзьмі. Бо ўсе наступныя праблемы часам вынікаюць з таго, што з людзьмі здарылася. І як праваабаронцы, мы бачым яшчэ шэраг правоў, якія былі парушаныя рэжымам Лукашэнкі ў адносінах да гэтых людзей. Бо людзі былі гвалтоўна перамешчаны на тэрыторыі іншых краінаў, прымусовай высылцы падвергліся, і іх базавыя правы былі парушаныя – такія як права на прытулак, харчаванне, адзенне, жыллё, медыцынскую дапамогу. Як мы бачым, большасць тых люзей, якія былі вывезеныя ў іншыя краіны, гэта ўсё ж такі грамадзяне Беларусі, і тут варта памятаць, што Лукашэнка гвалтоўна дэпартаваў сваіх жа грамадзян сваёй краіны, якія маюць права там знаходзіцца, у іншыя краіны. У першую чаргу яны патрапілі ва Украіну – гэта краіна, дзе вядуцца актыўныя баявыя дзеянні, што дадаткова падвяргае стрэсу гэтых людзей, якія былі вывезеныя. Таму ўсё гэта ў сукупнасці можна назваць злачынствам супраць чалавечнасці. І таксама мы не ведаем пра прававы статус гэтых людзей. То бок, калі чалавек адбывае гэты злачынны тэрмін і выходзіць на волю, у яго звычайна ёсць даведка. То ў гэтых людзей няма такіх даведак. Гэта першая такая праблема, з якой мы сутыкаемся. Шмат у каго з іх няма дакументаў на руках.
РР: То бок, чалавек апынаецца за мяжой, а што гэта за чалавек, які ў яго статус, цяжка з гэтым разабрацца з юрыдычнага пункту гледжання.
Марына Касінерава: Гэта хутчэй пытанне статусу гэтых людзей. Бо шмат хто не хацеў з’язджаць з Беларусі. І заўсёды пытанне: а ці можна вярнуцца назад у Беларусь, каб усё ж такі застацца там побач са сваімі дзецьмі, са сваёй сям’ёй? І гэта вялікае пытанне, таму што атрымліваецца, што не. Бо гэта не першая хваля людзей, якіх вывезлі па-за межы Беларусі. Шмат да каго ўжо прыходзяць супрацоўнікі КДБ, супрацоўнікі міліцыі, да сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, шукаюць гэтых людзей, якіх самі ж улады Беларусі вывезлі з краіны.
РР: Як гэта ўвогуле можна зразумець? Гэта дзеянні дзеля дзеянняў ці як?
Марына Касінерава: Яны пазіцыянуюць так, што гэтыя людзі збеглі з калоніі нібыта і яны іх шукаюць, для таго, каб вярнуць назад. Нягледзячы на тое, што сваякі могуць сказаць, што вы ж іх самі вывезлі, самі навіны чытаеце. Але мы бачым, што юрыдычна ў Беларусі гэта ніяк не аформлена. І няма ніякіх дакументаў, няма ніякіх запісаў пра тое, якая працэдура была прыменена да гэтых людзей, як яны выйшлі з калоній. Таму фактычна тое, што мы бачым, атрымоўваецца, што такая вялікая колькасць людзей “збягае” масава з калоній розных, прычым, збягае ў розныя краіны, у тым ліку ў Польшчу і Літву. І супрацоўнікі міліцыі іх шукаюць. І гэта вялікая праблема, бо людзі знаходзяцца ўжо на тэрыторыі еўрапейскіх краін, нібыта на волі, але тым не менш, яны не могуць вярнуцца ў Беларусь і наведаць сваіх родных, не могуць уз’яднацца са сваімі дзецьмі. І на сённяшні дзень не існуе рашэння для такіх сітуацый. Гэта вельмі цяжкія выклікі і амаль невырашальныя.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






