Чаму раптам у Беларусь і Польшчу прыйшлі маразы і снегапады? Ці сведчыць гэта пра тое, што глабальнае пацяпленне адступае? Чаму апошнім часам у Беларусі халадней, чым у суседняй Польшчы? На гэтыя пытанні адказвае Госць Рацыі, навуковец Сяргей Бесараб.

РР: Спачатку хачу вас распытаць пра маразы, якія зараз у Беларусі і ў Польшчы. У нашым рэгіёне назіраецца хваля маразоў. Чым яна выклікана?
Сяргей Бесараб: Цяперашняя наша сітуацыя ідэальна пацвярджае тэзіс па нелінейнасць кліматычнай сістэмы. Нічога раптам не ўтварылася, таму што ёсць такая рэч, як якасць прагнозаў. І ў тых жа метэаролагаў, напрыклад, Польшчы, яна вельмі высокая. Яны за некалькі тыдняў паведамілі пра вельмі суровыя маразы. Гэта ўсё рэч чаканая. І тое, што камунальнікі і людзі зноў здзівіліся, што ў лютым – люты, гэта праблема не метэаралогіі, а праблема кагнітыўных скажэнняў і дрэннага менеджменту. А так гэта звычайная валатыльная зіма.
І ўсё тое, што зараз адбываецца, яно ніякім чынам не абвяргае глабальнае пацяпленне. Бо чую часам у сетках пра гэта. Не, яно наадварот тое пацвярджае, пацвярджае стахастычную прыроду гэтага глабальнага пацяплення. То бок, сярэдняя тэмпература расце, але дысперсія, роскід вось гэтых значэнняў, яна таксама павялічваецца. То бок, мы проста гэтай зімой трапілі ў хвост матэматычных размеркаванняў.
Таму ўсім каментатарам хочацца паведаміць, што не трэба чакаць, што прырода возьме сваё назад і будзе падавацца да нейкай сваёй нормы, якая зафіксавалася ў вашай свядомасці. Ніякай нормы больш няма. Інфраструктура і людзі павінны быць гатовы і да плюс 20-ці ў студзені і да мінус 20-ці ў лютым. Галоўным словам другой паловы 21-га стагоддзя павінна быць слова гнуткасць.
Што датычна канкрэтыкі, адкуль гэта ўсё ўзялося, то такая першая думка, што холад прыйшоў з поўначы. Але тут не так усё проста. Гэты працэс пачаўся значна вышэй. Ён пачаўся ў стратасферы, на вышыні можа кіламетраў 50. Куды нават метэазонды лукашэнкаўскія не далятаюць. Гэта раптоўнае стратасфернае пацяпленне. То бок, у стратасферы тэмпература рэзка ўзнялася, недзе на 30-40 градусаў за некалькі дзён. Гэта па-першае.
Па-другое, з-за гэтага падняцця тэмпературы адбылося паслабленне і разбурэнне палярнага віхура, гэта тое, што замыкае холад на полюсе. І калі гэты віхур распаўся, то халоднае паветра, як з прабітага вядра, палілося ўніз прама на нашыя галовы. І чаму гэта цягнецца да гэтага часу? Таму што працяваецца рэжым атмасфернага блакавання. Утварыўся магутны стацыянарны блакуючы антыцыклон, гэта вобласць высокага ціску. У нашым выпадку – гэта скандынаўскі антыцыклон Даніэль.
Цалкам размова:
Навуковец падкрэслівае — глабальнае пацяпленне праяўляецца ў тым ліку ў нестабільнасці клімату, і тое, што адбылося гэтай зімой — выразны таму прыклад.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Бесараба.






