Былы палітвязень Руслан Акостка, які больш за год правёў у калоніі строгага рэжыму ў Горках, дзе ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, распавёў «Нашай Ніве», што праваабаронцу часта кідаюць у штрафны ізалятар: “Алеся часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён у ПКТ. Доўгі час Бяляцкаму не давалі звязацца з роднымі — памятаю, што ліст ён нарэшце атрымаў перад самым маім вызваленнем. Тэлефанаваць блізкім яму таксама не дазвалялі».
Супрацоўнікі калоніі караюць Бяляцкага за дробныя надуманыя парушэнні. «На яго таксама складаюць акты за парушэнні — за пыл за тумбачкай, за ручнік на нарах ці за адзеньне на спальным месцы», — распавёў Руслан Акостка. Ён таксама адзначыў, што Бяляцкі «вельмі схуднеў» і растлумачыў гэта цяжкай фізічнай нагрузкай у калоніі і вельмі бедным рацыёнам харчавання.
Руслан расказаў, што адчувае сабе Алесь больш-менш нармальна, але захаваць здароўе ва ўмовах калоніі даволі складана.
Руслан Акостка вызваліўся ў ліпені 2024 году і з’ехаў з Беларусі.