Сузаснавальніка кампаніі Wargaming Мікалая Кацалапава вінавацяць у “фінансаванні экстрэмістаў і тэрарыстаў”.

За гэта на яго ў Беларусі пачнуць завочную крымінальную справу — так званую “спецвытворчасць”, паведамілі на дзяржаўным тэлеканале АНТ. У прапагандысцкім фільме тэлеканала заявілі, што Кацалапаў некалькі гадоў данаціў “экстрэмісцкім і тэрарыстычным фондам сотні тысяч даляраў” у выглядзе крыпта-пераводаў.
У студзені 2023 года КДБ уключыў Кацалапава ў “спіс тэрарыстаў”. У СМІ адзначалі, што Кацалапаў стаў самым буйным беларускім бізнесоўцам, якога КДБ дадаў у “тэрарыстычны” спіс.
Сам айцішнік яшчэ ў сярэдзіне 2010-х перабраўся на Кіпр. Кампанія Wargaming выказвалася супраць вайны, развязанай Расеяй, і неаднаразова ахвяравала ў падтрымку грамадзян Украіны. Улетку 2022-га яе ўнеслі ў спіс юрыдычных асоб з акцыянерамі з недружалюбных краін.






