Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без зменаў прысуд, паводле якога сузаснавальнік кампаніі Wargaming Мікалай Кацалапаў завочна асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 2,1 мільёна беларускіх рублёў.

Паводле версіі следства, бізнесмена прызналі вінаватым у «фінансаванні тэрарызму і экстрэмізму». Менскі гарадскі суд вынес прысуд у верасні 2025 года.
Следчы камітэт заяўляе, што «Кацалапаў за тры гады зрабіў больш за 60 плацяжоў на суму не менш як 750 тысяч рублёў, спансаруючы чатыры экстрэмісцкія і тры тэрарыстычныя арганізацыі».
Незалежныя крыніцы адзначаюць, што гаворка ідзе пра беларускія грамадзянскія ініцыятывы і фонды салідарнасці з палітвязнямі, прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі».
28 кастрычніка судовая калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела апеляцыю і пакінула рашэнне без зменаў.
Кацалапаў не знаходзіцца ў Беларусі, таму прысуд мае завочны характар.
Паводле паведамлення Следчага камітэта, у бізнесмена нібыта ёсць маёмасць у Менску — у тым ліку дарагая нерухомасць і аўтамабілі прэміум-класа, якія плануюць выкарыстоўваць для пагашэння штрафу.






